Камандзір падраздзялення «Самалі» Узброеных сіл «ДНР» Міхаіл Талстых (пазыўны Гіві) быў забіты ў Данецку.

Пра гэта паведаміла аператыўнае камандаванне ДНР.

«Сёння ў 06:12, у выніку тэрарыстычнага акту загінуў герой ДНР, камандзір батальёна «Самалі» палкоўнік Міхаіл Талстых, вядомы як Гіві», — гаворыцца ў паведамленні.

У ДНР сцвярджаюць, што аперацыя была праведзена ўкраінскімі сілавікамі.

Баявік па мянушцы Ахра ў гутарцы з журналістамі «РЕН ТВ» пацвердзіў, што Міхаіла Талстых забілі ва ўласным кабінеце. Паведамляецца, што ў памяшканні ён знаходзіўся не адзін — з ім былі яшчэ два калегі.

Раней стала вядома, што выбух адбыўся ў выніку стральбы з рэактыўнага пяхотнага агнямёту (РПА) «Чмель».

«РЕН ТВ» публікуе фота з месца забойства «Гіві».

Фота: @sashakots

Падрабязнасці ўдакладняюцца.

37-гадовы Талстых да 2014 года працаваў кіроўцам пагрузчыка на канатным заводзе.

Гіві вылучаўся асаблівай жорсткасцю. Сярод іншага, ён асабіста катаваў палонных украінскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Раней выбухам бомбы ў ліфце быў знішчаны іншы камандзір баевікоў Матарола. У таямнічых абставінах загінулі таксама палявыя камандзіры Бэтмэн, Мазгавой, Дромаў, Ішчанка, першы кіраўнік «ЛНР» Болатаў ды іншыя. У той жа час кіраўнікі «ЛНР» Платніцкі і «ДНР» Захарчанка выжылі пасля раненняў.