За апошнія тры гады ў лясах Беларусі было знішчана 100 тысяч дзікоў, паведаміў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч, піша БелаПАН.

Ён нагадаў, што рашэнне аб знішчэнні дзікоў як разносчыкаў афрыканскай чумы свіней было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях фіксаваліся ўспышкі АЧС. На сёння, паводле слоў міністра, у краіне налічваецца 2,6 тысячы асобінаў дзікоў.

Што тычыцца папуляцый іншых дзікіх звяроў у беларускіх лясах, то яны павялічваюцца, паведаміў Амельяновіч. Гэта, у прыватнасці, тычыцца аленяў, казуль і іншых жывёл. «Колькасць звяроў расце, і ідзе развіццё дзейнасці паляўнічых гаспадарак. Ёсць для гэтага плошчы. Але па многіх відах жывёл (ласі, алені, казулі) мы яшчэ не дайшлі да аптымальнага значэння», — падкрэсліў міністр.

Ён таксама закрануў тэму папуляцыі ваўкоў. Пры аптымальнай колькасці для Беларусі 500—600 асобін на ўліку ў 2016 годзе было 1.637 ваўкоў, паведаміў чыноўнік.

Сёлета, паводле яго слоў, вядзецца падлік ваўкоў у лясах, асабліва ў заказніках, дзе іх жыве вялікая колькасць. «Ёсць абаронцы ваўкоў, эколагі, навукоўцы. Але воўк наносіць вялікія страты хатняй жывёлагадоўлі. Трэба захоўваць папуляцыю, але не ў такой колькасці», — падкрэсліў Амельяновіч.

Ваўкі, паводле яго слоў, знішчаюць жывёл і ў запаведніках: адзін воўк на працягу года з'ядае 1,5 тоны мяса.

«Для таго каб забяспечыць жыццядзейнасць гэтага драпежніка, трэба вялікая колькасць іншых жывёл у лясах», — дадаў кіраўнік Мінлясгаса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0