8 лютага ў будынку «Белэкспа» пачаўся штогадовы Мінскі кніжны кірмаш.

На ім прадстаўленыя кнігі з больш чым з двух дзясяткаў краін. Натуральна, што найлепш прадстаўленыя расійскія выдавецтвы. Нехта прывёз з Масквы перавыданні кніг Святланы Алексіевіч, Сашы Філіпенкі і раман «Возера радасці» Віктара Марціновіча ў расейскай версіі, нехта свежыя раманы Людмілы Уліцкай і Марыям Петрасян, трэція Стывена Кінга і Джаан Роўлінг, а каля стэнда з кнігамі па саматэрапіі ўвогуле немагчыма было прабіцца.

Аднак ёсць прынамсі некалькі стэндаў, якія спецыялізуюцца на прапагандысцкай літаратуры. За невялікія грошы — 10 рублёў — можна набыць кнігі па «гісторыі Наваросіі». На іх вокладках баевікі Матарола і Гіві, абвешаныя ордэнамі.

Кнігу «Данбас: ад Славянска да Дэбальцава» напісаў расійскі аўтар Міхаіл Палікарпаў, дарэчы, ураджэнец беларускага Гомеля. Яшчэ ў 1990-я Палікарпаў ваяваў у Босніі ў складзе «Рускага дабраахвотнага атраду» на баку Сербіі. У тым самым атрадзе быў і Ігар Гіркін, адзін з стваральнікаў «ДНР». Таму не дзіўна, што Палікарпаў стаў аўтарам кнігі «Ігар Стралкоў: жахі ўкраінскай хунты». Украінскія ўлады найчасцей у кнізе называюцца проста «нацыстамі».

У той самай серыі з’явілася яшчэ выданне «Рыцары Наваросіі» Генадзя Дубавога. «Генадзь Дубавы, пазыўны «Карэспандэнт», на перадавой з першых дзён вайны на Данбасе. Ваяваў пад камандаваннем Стралкова, Матаролы, Вікінга. Заўсёды ў адной руцэ аўтамат, у другой — камера. Ворагі называлі яго «прэс-сакратаром» Матаролы, сябры — адным з ідэолагаў народнай Наваросіі. Героі кнігі — паплечнікі і баявыя пабрацімы Дубавога, соль рускай зямлі, часцінка яе душы: айцец Віктар і «Дым», Аляксей Смірноў і «Гіві», Дзяніс Пушылін і «Матарола», «Кедр» і Аляксандр Жучкоўскі, «Вікінг» і «Балу», «Боцман» і «Цэгла», Ігар Стралкоў і «Паэт», «Іслам» і Аляксандр Пашкоў», — гаворыцца пра кнігу.

Побач ляжыць кніга «Лялькі і лялькаводы ўкраінскай палітыкі». У кнізе абяцаюць расказаць пра сувязь украінскіх чыноўнікаў з заходнімі спецслужбамі, карумпаванасць і непрафесіяналізм «украэліты», а таксама «тайну крывых дарог, якімі прыйшла да ўлады крывавая хунта».

Яшчэ адна падобная кніга з’явілася ў серыі «Рускае Евангелле: духоўны матэрыялізм» называецца яна «Украінскі сіндром». Аўтары — Ігар і Ірына Галаевы. Тут таксама ўсё проста і шаблонна. Аўтары сцвярджаюць, што Україна ідзе шляхам нацысцкай Германіі і хутка развяжа вайну па ўсім свеце. Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны «Рускай цывілізацыі» і яе святой місіі ў свеце.

Шырока прадстаўленыя кнігі ўжо нябожчыка Алеся Бузіны — «Вурдалак Тарас Шаўчэнка», «Саюз плуга і трызуба: як прыдумалі Украіну». Назвы гавораць самі за сябе.

Выданні ў цвёрдай вокладцы абяцаюць расказаць пра дактрыну «рускага света». Кніга «Сірыйскі армагедон» падкупляе сваім падзагалоўкам «ІГІЛ — Нафта — Расія», а на вокладцы красуюцца Пуцін і Асад.

І, вядома, куды без тэорый змовы. Кніга «Глабальныя эліты ў схватцы з Расіяй» абавязкова апавядуць пра тое, як масоны і банкіры робяць усё магчымае, каб Расія не ўстала з калень.

Побач ляжаць кнігі, якія здольныя вас пераканаць, што сапраўдныя «арыйцы» жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі, таму расіяне могуць лічыцца іх спадчыннікамі.

Яшчэ адна характэрная адметнасць: на такіх кніжных развалах стабільна ляжаць кнігі пра Іосіфа Сталіна. Натуральна, што перыяд ягонага кіраўніцтва разглядаецца выключна ў пазітыўных фарбах.

Варта адзначыць, што такія прапагандысцкія кнігі і брашуркі каштуюць нашмат танней за добрую мастацкую літаратуру ад іншых расійскіх выдавецтваў.

А вось стэнд Украіны, на жаль, прадстаўлены вельмі бедна. Там літаральна некалькі дзясяткаў пазіцый. Кніг ні па сучаснай гісторыі, ні добрай украінскай літаратуры там няма. Ёсць крыху дзіцячых кніжак, а таксама фотаальбомы па Кіеве.

P.S. Пасля нашай публікацыі дадзеныя кнігі з выставы прыбралі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?