У сталічным павільёне БелЭкспа стартавала Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Што на ёй прапануюць беларускія незалежныя выдавецтвы, даўнія партнёры НН?

Кнігі й часопісы выдавецтва Arche можна знайсці пад шыльдаю ТАА «Гайсак»

У экспазыцыі зьяўлена больш за 100 публікацыяў. Некаторыя зь іх можна будзе пабачыць і купіць толькі на выставе. На кірмашы можна першымі набыць нумары часопіса, што толькі-толькі выйшлі з друку:

ARCHE № 5 (150) — 2016. Ад Ятвязі да Літвы

На просьбы чытачоў адмыслова да кірмашу выйшлі дадатковыя наклады папулярных нумароў, папяровыя наклады каторых даволі хутка разышліся ў свой час:

ARCHE № 12 (99) — 2010. Паўстаньне 1863—1864 гг. і лёсы Беларусі

ARCHE № 3 (114) — 2012. Гісторыя беларускай штодзённасці

Выдавецтва «Янушкевіч» да гэтай кірмаша выдала шэраг навінак

У тым ліку ў папяровым выглядзе выйшла кніга Уладзіміра Садоўскага «1813», якая ўжо тры месяцы застаецца ў лідарах па выніках продажаў е-кніг на kniharnia.by.

Фларыян Чарнышэвіч «Надбярэзінцы»

Найбольш вядомы твор Фларыяна Чарнышэвіча — польскага пісьменніка, які паходзіў з Беларусі. Гэтая авантурна-меладраматычная эпапея апавядае пра драматычны лёс жыхароў шляхецкіх засценкаў на землях паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911—1920 гадах. Раман Чарнышэвіча атрымаў высокія, узнёслыя водгукі ад польскіх інтэлектуалаў на эміграцыі. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш ставіў «Надбярэзінцаў» у адзін шэраг з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Патопам» Генрыка Сянкевіча, а Міхал Крыспін Паўлікоўскі называў твор Чарнышэвіча «эпасам засцянковай шляхты», наўпрост параўноўваючы яго па сіле гучання з «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава.

Кнут Гамсун «Голад»

У кнігу нарвежскага пісьменніка-набеліста Кнута Гамсуна (1859—1952) увайшлі тры сусветна вядомыя раманы. «Голад» — гісторыя маладога валацугі, чыя свядомасць спазнае страшэнную метамарфозу ад галоднага існавання. Гэты наватарскі твор прынёс аўтару еўрапейскую вядомасць. «Пан» — лірычны аповед пра веліч прыроды і трагедыю неўзаемнага кахання, у якім спалучыліся скандынаўскія сентыментальнасць і нянавісць, дзівацтвы і пакуты, а фонам з’яўляецца суровая прыгажосць паўночнага ўзбярэжжа. «Вікторыя» — праніклівы раман пра чуллівае і пяшчотнае каханне, якое суправаджаюць гонар і годнасць, хвароба і смерць…

«Як сучасны псіхолаг, я павінен раскрыць і даследаваць душу. Я павінен даследаваць яе ўздоўж і ўпоперак, з кожнага пункту гледжання, трапіць у самыя патаемныя глыбіні», — характарызаваў Гамсун сваю творчасць.

Людміла Рублеўская «Дагератып»

Гісторыка-прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай «Дагератып» мае незвычайную структуру: дзеянне Кнігі знешняга кола перацякае ў Кнігу ўнутранага кола, з сучаснасці ў мінулае з непаўторнай атмасферай дэкадансу. Два зрэзы ў часе непарыўна звязаныя між сабою.

Перад чытачом паўстаюць загадкавыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі навамоднага фотаатэлье ў правінцыйным беларускім мястэчку, прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, выпраўляюцца фатаграфаваць этнаграфічную калекцыю ў злавесны маёнтак Жухавічы, гаспадара якога лічаць ваўкалакам. Далейшыя падзеі прымаюць самы нечаканы кірунак.

Уладзімір Садоўскі «1813»

Першы зомбі-хорар па-беларуску!

Дзеянне навелы адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а цяпер сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасцяваць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладзечна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага краю…

Кніга тры месяцы трымаецца ў лідарах па выніках продажаў е-кніг на kniharnia.by.

Кацярына Мядзведзева «Разламашкі Майстра Люфта»

Незвычайная і вельмі цікавая кніга казачных аповесцяў і апавяданняў берасцейскай пісьменніцы. Гэта дзівоснае спалучэнне ангельскай стылістыкі і славянскага фальклору. Выдатна падыходзіць для чытання ў любым узросце — гэта так званыя «казкі для дарослых», вельмі папулярны трэнд у сучаснай еўрапейскай літаратуры. Кнігу К. Мядзведзевай ужо заслужана ацанілі чытачы і крытыкі — яшчэ ў фармаце е-кнігі яна стала фіналістам прэстыжнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў 2016 годзе ў намінацыі «Проза».

Людміла Шчэрба «Урб@н.М. Адзін дзень не майго жыцця»

Падзеі рамана Людмілы Шчэрба адбываюцца ў 1642—1654 гг. і ў 2012—2014 гг. У горадзе М. сустракаюцца героі нашага часу — Макс і Ганна, і ўсе іх прыгоды пачынаюцца з… яблыка. Аўтар прапаноўвае некалькі варыянтаў развіцця сітуацыі: у нашым часе, у вайну 1654—1667 гг. і ў біблейныя часы, — аднак раман цалкам інтэрактыўны, і вы можаце стварыць свой. Героі выяўляюць, што ў іх сем’ях захоўваюцца старонкі Баркалабаўскага летапісу, а якія загадкі тоіць гэты гістарычны дакумент? Ці будуць Макс і Ганна разам у якім-небудзь з іх жыццяў?

Для аматараў эстэцкіх аповедаў, прыхільнікаў постмадэрнізму, ахвотнікаў да любоўных гістарычных і негістарычных раманаў, заўзятараў філасофскай прозы.

***

На стэндзе выдавецтва «Янушкевіч» адбудуцца аўтограф-сесіі Уладзіміра Садоўскага (10 лютага, пятніца, а 16.00 і 11 лютага, субота, а 13.00), Людмілы Рублеўскай (11 лютага а 11.00), Людмілы Шчэрба (12 лютага, нядзеля, а 12.00).

Выдавецтва «Галіяфы» 11 лютага ладзіць прэзентацыю беларускага пераклада «Алісы» Льюіса Кэрала

11 лютага ў 13:30 на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе пройдзе прэзентацыя выдання казкі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ў перакладзе на беларускую мову. Падзея адбудзецца на Цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» (пр. Пераможцаў, 14) пры падтрымцы Амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску.

Вялікабрытанія — пачэсны госць сёлетняй выставы.

Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» — адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі, які ўжо другое стагоддзе вабіць як дзяцей, якім ён непасрэдна прызначаўся, так і дарослых.

У новым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак (у свой час ён быў адзначаны прэміяй часопіса «ПрайдзіСвет»).

Больш за 100 арыгінальных ілюстрацый Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам. Сучасная мастачка Кацярына Дубовік — уладальніца прэміі імя Цёткі за найлепшае афармленне дзіцячай кнігі (Н. Ясмінска, «Сем ружаў», 2015).

Міжнарожны кніжны кірмаш працуе да 12 лютага на пр. Пераможцаў, 14. 

Час працы: 

9-11 лютага: ад 10:00 да 19:00

12 лютага: ад 10:00 да 15:00

Даезд з боку пр. Пераможцаў на аўтобусах 1, 29, 44, 69, 91, 119 С, 136, тралейбусах 77, 39 (прыпынак «Плошча Дзяржаўнага Сцяга»). З боку вул. Арлоўскай — аўтобус 133, тралейбусы 33,38,54, 55 (прыпынак «Выставачны павільён»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?