Рашэнне ФСБ Расіі аб увядзенні памежнай зоны «змяняе сітуацыю ў прынцыпе» і «відавочна разыходзіцца з базавымі прынцыпамі і духам двухбаковых пагадненняў». Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу.

Паводле яго слоў, сітуацыя з увядзеннем расійскім бокам памежнай зоны пастаянна знаходзіцца ў зоне ўвагі МЗС Беларусі. З моманту дзеяння новых правілаў, якія ўступілі ў сілу 7 лютага, нейкіх сігналаў аб праблемах на мяжы ад грамадзян не паступала. У МЗС разлічваюць, што пагранслужбы дадуць усе неабходныя тлумачэнні і што праблем для грамадзян не ўзнікне.

Мірончык нагадаў храналогію сітуацыі і завочна паспрачаўся з тымі ў Расіі, хто тлумачыць ўвядзенне памежнай зоны з боку РФ ўказам прэзідэнта Беларусі ад 4 верасня 2014 аб усталяванні прыгранічных тэрыторый на мяжы з Расіяй.

— Нібыта Беларусь першай заканадаўча замацавала прыгранічныя тэрыторыі і, маўляў, рашэнне расійскага боку носіць зваротны характар. Нашы расійскія партнёры сціпла замаўчалі пра ўказ прэзідэнта РФ 9 студзеня 2011 г. № 26, якім быў устаноўлены пералік прыгранічных тэрыторый на ўсім працягу мяжы, у тым ліку ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцях. Лагічна, што ўказ прэзідэнта Беларусі 2014 года юрыдычна ўраўнаважыў сітуацыю. На гэтым, з нашага пункту гледжання, тэма была закрыта.

Прэс-сакратар МЗС падкрэсліў, што тыя рашэнні не прадугледжвалі ніякіх дадатковых мерапрыемстваў па абодва бакі мяжы.

— У нас няма рэжымных зон, мы не ўкопвалі ніякіх знакаў, у нас няма ніякіх пагранічных слупоў.

Мірончык нагадаў, што загад ФСБ пра памежную зону быў падпісаны ў снежні 2016 года.

— Устанаўленне межаў памежнай зоны на мяжы з Беларуссю змяняе сітуацыю ў прынцыпе, гэта крок у іншым накірунку. Так, пакуль няма канфліктных сітуацый, але прайшло мала часу.

Прэс-сакратар МЗС заявіў, што расійскі бок сваімі рашэннямі прыраўняў грамадзян Беларусі ў правах і абавязках да іншаземцаў «з усімі вынікаючымі наступствамі». «А вось гэта відавочна разыходзіцца з базавымі прынцыпамі і духам двухбаковых пагадненняў Беларусі і Расіі», — лічыць ён.

Больш за тое, дадаў Мірончык, лінія памежнай зоны ў глыбіні трох расійскіх абласцей на мяжы з Беларуссю «з асаблівай дакладнасцю прывязаная да мясцовасці адпаведнымі каардынатамі».

— Вельмі паказальна, што на участках мяжы Расіі з іншымі краінамі такога няма. За выключэннем няпростага ўчастка расійскай мяжы ў раёне Сахаліна і Курыл [на некаторыя астравы з іх прэтэндуе Японія — НН]. Узнікаюць заканамерныя пытанні аб логіцы і суразмернасці такіх крокаў. Мы не драматызуем сітуацыю, але і не схільныя яе спрашчаць.

На пытанне, ці трэба беларускім грамадзянам браць пашпарты для перасячэння мяжы, Мірончык адказаў коратка: «Спытайце ў расійскіх партнёраў».

Пытанне, ці плануе Беларусь нейкія меры ў адказ, прэс-сакратар МЗС пераадрасаваў ў Дзяржпагранкамітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?