Генеральны дырэктар наваполацкага нафтахімічнага комплексу «Нафтан-Палімір» Уладзімір Траццякоў адпраўлены ў адстаўку. Пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.

«Так, звольнены. Рашэнне прынята на самым версе», - сказаў суразмоўца. Пра прычыны звальнення яму невядома.

Атрымаць каментар на наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе не ўдалося.

Па дадзеных наваполацкага «Вектар ТВ», пра адстаўку Траццякова паведаміла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая сёння з рабочым візітам пабывала на прадпрыемстве. Часова выконваць абавязкі генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан» будзе Сяргей Алтухоў — намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці.

«На жаль, цяперашняму кіраўніцтву завода не ўдаецца аператыўна вырашаць некаторыя пытанні, якія тычацца мадэрнізацыі такога важнага прадпрыемства, як «Нафтан». Таму і прынята такое рашэнне», — патлумачыла Качанава, якая да пераезду ў Мінск у Саўмін была мэрам Наваполацка.

Уладзімір Траццякоў скончыў Маскоўскі інстытут нафтахімічнай і газавай прамысловасці імя Губкіна. Працоўную біяграфію пачаў на пасадзе аператара на ўстаноўцы «Парэкс» Мазырскага НПЗ. Затым каля дзевяці гадоў займаўся камсамольскай працай. З 1990 па 2002 год працаваў у гаспадарчай сферы на розных кіруючых пасадах. А ўся наступная яго дзейнасць звязана з галіной нафтапрадуктазабеспячэння. Быў шэсць год намеснікам генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі ВА «Беларуснафта». «Нафтан» узначаліў 15 красавіка 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0