Хісткі мір, які існаваў паміж старажытнымі пачварамі і сьветам людзей парушаны. Цёмны прынц Нуада зьбіраецца абудзіць Залатую армію, якая калісьці ледзьве ня зьнішчыла чалавецтва. На шляху сілаў зла становіцца калярытны чорт з падпіленымі рагамі – і ягоныя сябры зь Бюро паранармальных зьяваў…
У другой частцы “Хлопца з апраметнай” мэксіканскі візіянэр Гільерма Дэль Тора пераўзыйшоў сам сябе. Калі першы “Хэлбой” – быў ударным коміксам з дасьціпнымі пэрсанажамі, то “Залатая армія”, акрамя гэтага – візуальная раскоша сама неверагодных істотаў, трыюмф паралельнага сьвету, фантазійны баявік, які нагадвае лепшыя творы Гоі дый Босха. Стужка Дэль Торы – гэта дзіцячая казка для непаслухмянага чорта, што ўвасобілася на экране з самаю нястрыманаю фантазіяй. (Дзеля чаго Дэль Тора нават адмовіўся ад экранізацыі новага “Гары Потэра”)
Фактурны актор Рон Пэрлман у ролі Хэлбоя – на вяршыні сваёй кар’еры. Ягоная сяброўка Сэльма Блэр – “гарыць на працы” дый ладзіць сямейныя сцэны; амфібія-тэлепат (Даг Джонз) пакутуе ад любові да цёмнай прынцэсы (Ганна Ўолтан). А новы кіраўнік – эктаплазьменны дым у скафандры ладзіць пэдантычныя разборкі.
Дэль Тора скарыстоўвае фантазійныя напрацоўкі “Ўладара пярсьцёнкаў” і “Гары Потэра” – але надае ім цалкам арыгінальнае тлумачэньне. Кашмары адцяняюцца гумарам, звыродзтвы – неверагоднай пекнатой.
Троліха – божы дзьмухавец – якая харчуецца кацяняткамі; пухліна, што прыкідваецца гаваркім немаўлём; баявы бог расьлінаў – якога шкада; сьляпая сьмерць з крыламі, усеянымі вачыма; дробна-пражэрлівыя зубныя фэі.
Падае залаты дождж над старажытным царствам, якому наканавана памерці; лётае ў безнадзейным фэхтавальным танцы белатвары прынц – і назаўжды засынае Залатая армія, пераможаная ачалавечаным чортам.