Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў памочнік прэзыдэнта Беларусі — начальнік галоўнага ідэалягічнага упраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Усевалад Янчэўскі. Наадварот, паводле ягоных словаў, улада зацікаўлена ў «самым інтэнсіўным разьвіцьці інтэрнэт‑тэхналёгій».
«Ні пра якую барацьбу зь іншадумствам, з крытычнымі заўвагамі, са свабодным выказваньнем думак у інтэрнэце гаворкі няма», — сказаў У. Янчэўскі.
Паводле яго сьцьверджаньня, «улада заўсёды зыходзіла з таго, што людзі павінны мець доступ да самай рознай інфармацыі». «Натуральна, апроч заведамай хлусьні і паклёпу».
У Беларусі няма неабходнасьці «спэцыяльным тэхнічным чынам блякаваць работу некаторых інфаомацыйных сайтаў, ‑‑ лічыць Янчэўскі.
«Калі нехта ў газэце, інтэрнэце ці на плошчы перад шматтысячным натоўпам хлусіць, паклёпнічае і зьневажае, ён павінен несьці адказнасьць згодна з артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Навошта прымяняць да інтэрнэту нейкія спэцыяльныя патрабаваньні? — сказаў ён. — Ва ўлады больш чым дастаткова аргумэнтаў, каб спрачацца зь якімі заўгодна апанэнтамі. Ніякіх засьцярог наконт інтэрнэту ў беларускага кіраўніцтва не ўзьнікала і ня можа ўзьнікнуць».
На думку Янчэўскага, «усе размовы і чуткі наконт нейкіх абмежаваньняў у інтэрнэце сыходзяць «ад тых людзей, якія жадаюць хоць лішні раз кінуць цень на нашу краіну».
«Ніякіх спэцыяльных плянаў наконт рэгуляваньня інтэрнэту няма. — Гэта вельмі далікатная тэма, дзе неабходна ўсё спакойна і мэтадычна вывучыць».
Паводле яго перакананьня, для абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з інтэрнэтам, трэба прыцягваць «стваральнікаў інтэрнэт‑рэсурсаў, найбольш вядомых блогераў, занятых у гэта сфэры прадпрымальнікаў, а таксама СМІ.
У. Янчэўскі назваў няправільнымі сьцьверджаньні, што ва ўсім сьвеце «інтэрнэт ніяк не рэгулюецца».
«Ідзе барацьба з сайтамі тэрарыстычных арганізацый, з распаўсюдам дзіцячай парнаграфіі. І ніводны нармальны разумны чалавек ня будзе супраць гэта пярэчыць», ‑‑ мяркуе памочнік прэзыдэнта.