На Tuzin.fm выкладзеная складанка песень гарадзенскага выканаўцы, якія не публікаваліся дагэтуль.

У інтэрнэт-складанку ўвайшлі як зусім новыя песьні, так і даўнія творы, якія таксама мала хто чуў. Тут гаворка найперш пра «Стрыт-блюз», сваеасаблівае прысьвячэньне Менску. Яна напісаная роўна 25 гадоў таму.

Далей падаем камэнтары, якія Віктар Шалкевіч зрабіў адмыслова для наведнікаў Tuzin.fm да кожнай прэзэнтаванай песьні.

«Песьня пра места Магілёў».

«Хто ня ведае Магілёў — той ня ведае нічога ў жыцьці. Гэта быў другі горад у Вялікім Княстве пасьля Вільні па колькасьці кірмашоў, ярмарак. Ёсьць там харошы хлопец Дзяніс Васілько, ён мяне вадзіў па старым Магілёве, паказаў дзе стаяла Алейная брама. І я падумаў, што варта напісаць пра гэты горад песьню. У кожным вартым увагі месцы павінен быць прынамсі адзін зацяты аматар жаночай прыгажосьці і адзін глыбока веруючы Ізраэліт. У Магілёве гэта Валерык і Сымон — прозьвішчы вядомыя толькі некаторым і не для ўсіх!»

«Станцыя Аляхновічы»

«Неяк апынуўся на гэтай станцыі паміж Менскам і Маладэчнам. Была цёплая летняя ноч. Пахла ўсё, ведаеце, як гэта ў нас бывае пры канцы вясны, на пачатку лета. Але тут пачаліся здарэньні, якія чапляліся адно за адно. А далей — усё, як у песьні».

«Блюз Вялікі Кастрычнік»

«Ці пісалі вы ў школе сачыненьні на тэму: «Калі б я сустрэўся зь Леніным»? Не? А я пісаў. І герой гэтай песьні пісаў. Гэта вэрсія падзеяў у Петраградзе, прасьпяваная маладым бацькам сваёй дачцэ».

«Агуркі і памідоры»

«Паэты экспэрымэнтуюць з колерамі! Дубоўка, напрыклад, пісаў пра шыпшыну — зялёны ліст, чырвоны цьвет! І я таксама захацеў: памідоры — чырвоныя, агуркі — зялёныя! Разумейце як хочаце».

«Каля Чарговага касьцёла»

«Пародыя на сьлязьліва-сэнтымэнтальна-лірычна-патрыятычную творчасьць пісацелей і паэтав саврэменнасьці! Зьявілася яна, калі я пачуў дыск польскага хору зь Менску: пасьля сапраўды клясных рэчаў, яны вырашылі азначыць сваё паходжаньне: загучалі драўляныя цымбалы, гармонік, жалоснае-сіроцкае сьпяваньне… Вы ўсе пазнаеце гэтую песьню. У ёй распавядаецца гісторыя жанчыны, якая была ўсім, а стала нікім».

«Мая каханая, што ў лесе жыве»

«Гэта ўлюбёная песьня майго гітарыста і калегі — Юры Хілаўца. Я яе таксама вельмі люблю».

 «Сакулка-Беласток»

«На беластоцкім базары ў 90-х стаялі ўсе гарадзенскія — ад доктара навук да выхавацеля дзіцячага садку. Гэта песьня старых бізнэсмэнаў, якія пачыналі з папяросаў і гарэлкі, а скончылі, дзякуй Богу, не на Акрэсьціна, а Гаваямі. Мілыя ўспаміны пра маладосьці…» 

 

Песьні запісаныя падчас канцэрту Віктара Шалкевіча ў менскім Тэатры эстрады 29 кастрычніка 2016 году. Гукарэжысэр — Усевалад Гроднікаў. Найбліжэйшы канцэрт выканаўцы пройдзе 12 лютага ў малой залі КЗ «Менск».

Неўзабаве Віктар Шалкевіч прэзэнтуе і студыйны альбом. Праца над ім вядзецца на студыі Вячаслава Банкевіча ў Баранавічах.

12 лютага а 19.00 у малой зале к/з «Мiнск» (Кастрычніцкая, 5) вядомы бард, акцёр i шансанье Вiктар Шалкевiч выступіць з праграмай найлепшых песень для усiх закаханых i не толькi. Усiм закаханым парам — кампакт-дыск у падарунак!

Квіткі ад 12,5 да 22,5 рублёў. Даведкі па тэлефонах: 8 044 5517706, 8 029 8517706

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0