Ва ўкраінскім выдавецтве выйшла кніга ліставаньня і аўтографаў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна “Дажыць да зялёнай травы”. У ёй сабраныя лісты, вершы, прысьвячэньні, малюнкі за 43 гады – ад 1960 да 2003 -- сяброўства двух пісьменьнікаў, якія яны адрасоўвалі адзін адному. “Гэтая кніга – нейкім чынам мастацкі твор і адначасова кніга-дакумэнт, паколькі лісты і дароўныя аўтографы нярэдка гавораць больш, чым нават успаміны, -- піша ўкладальнік кнігі Сяргей Шапран. – Лісты ня хлусяць, яны больш дакладныя, паколькі захоўваюць тыя падрабязнасьці, якія абавязкова губляе памяць; яны каштоўныя перш за ўсё тым, што пісаліся ў сваім часе”.
Дажыць да зялёнай травы. Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960--2003). Укладанне прадмова і каментар Сяргея Шапрана.– Львоў: “ВолЯ”, 2008 – 1000 ас.
З кнігі
Ліст дваццаць сёмы
Зь Менску
- А не хапіла і дваццаці стагодзьдзяў,
Каб людзтва зразумела, для чаго
Гасподзь аднойчы
На зямлю прыходзіў,
На крыж паслаўшы
Першынца свайго
- Саміх сябе пашматаваць гатовы,
Сабакамі зрабіўшыся,
Ваўкі
І люталюды ў крылы
Рук Хрыстовых
Яшчэ ўганяюць скутыя цьвікі.
- І тым жыве душа,
Што верыць цуду.
Трымае кожнага ягоны кон:
Фаму – зьнявер’ем,
Здрадлівасьцю – Юду,
Страх думае,
Што шчыры толькі ён…
Рыгор Барадулін
31 сьнежня 2000