Суд Кобрынскага раёна 14 лютага вынес прыгавор 30-гадоваму мясцоваму жыхару, абвінавачанаму ў забойстве.

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Кобрынскага раёна Аляксандр Шыкавецкі, 3 лістапада 2016 года прыблізна ў 6.00 у кватэры па месцы жыхарства ў Кобрыне мужчына задушыў 28-гадовую былую жонку, маці іх трох дзяцей. На аўтамабілі ён адвёз цела жанчыны ў лясны масіў непадалёк ад вёскі Лелікава, дзе жывуць яго бацькі. Пасля вяртання дадому мужчына з мабільнага тэлефона былой жонкі адправіў сабе СМС-паведамленне. У тэксце было ўказана, што яна сыходзіць да іншага і просіць яе не шукаць.

4 лістапада ў міліцыю звярнулася маці жанчыны, бо не магла больш за суткі датэлефанавацца да дачкі і ўсталяваць яе месцазнаходжанне.

Спачатку мужчына адмаўляў сваё дачыненне да знікнення былой жонкі. Пазней прызнаўся ў зробленым і паказаў месца пахавання забітай ім жанчыны.

Суд Кобрынскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым на падставе ч. 1 арт. 139 КК (забойства) і прызначыў пакаранне ў выглядзе 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З яго спагнана ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць дзяцей забітай, яе маці і двух братоў 78 тыс. рублёў.

У судзе фігурант крымінальнай справы прызнаў сваю віну. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Мужчына ездзіў на заробкі ў Расію. Мае пагашаную судзімасць. Шлюб у яго быў афіцыйна скасаваны, але былыя муж і жонка жылі разам у кватэры пацярпелай, вялі агульную гаспадарку, выхоўвалі трох малых дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?