У выпадку падаўжэння тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь гаворка можа весціся прыкладна пра 12—14 дзён. Пра гэта заявіў сёння начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

У МЗС прызналіся, што прапаноўвалі большы тэрмін для бязвізавага рэжыму.

«У свой час, у 70-80 гады мінулага стагоддзя, у дыпламатыі быў такі тэрмін — «прынцып разумнай дастатковасці». Ён, праўда, адносіўся да ядзернага стрымлівання. Але вось само словазлучэнне пасля канверсіі можна ўжыць і да бязвізавага рэжыму», — адзначыў Дзмітрый Мірончык.

Паводле яго слоў, калі б з'явілася неабходнасць у больш працяглым тэрміне бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі, спатрэбілася б мяняць заканадаўства. Да гэтага працэсу давялося б прыцягваць парламент і рашэнне не было б прынята так аператыўна.

«А рашэнне па бязвізавым рэжыме ўжо наспела. Таму мы вырашылі зрабіць пакуль паўкроку для таго, каб ацаніць эфект ад рашэння», — адзначыў прадстаўнік МЗС.

Як заявіў Дзмітрый Мірончык, пасля таго як будзе прааналізаваны эканамічны эфект, сітуацыя ў праваахоўнай сферы і іншыя фактары, можа быць прынята рашэнне аб далейшым удасканаленні рэжыму бязвізавага ўезду - і аб працягу яго тэрмінаў.

У якасці прыкладу прадстаўнік МЗС прывёў санаторна-курортнае лячэнне ў Беларусі.

«Санаторна-курортнае лячэнне - разынка Беларусі. Стандартны тэрмін знаходжання ў санаторыі - 12 або 24 дні. Таму лагічным крокам будзе павелічэнне тэрмінаў бязвізавага ўезду да 12 дзён ці 14 дзён — гэта значыць за два тыдні. Але пакуль казаць аб гэтым рана», - адзначыў ён.

Нагадаем, 5-дзённы бязвізавы рэжым пачаў дзейнічаць 12 лютага. Ён прадугледжвае бязвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск на тэрмін да 5 сутак для грамадзян 80 краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?