Прапанова грамадскасці абавязаць вытворцу даводзіць да спажыўца інфармацыю аб тавары не толькі на рускай, але і на беларускай мове не знайшла падтрымкі ў большасці зацікаўленых бакоў, заявіла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў 15 лютага.

Паводле яе слоў, гэта прапанова двойчы разглядалася на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнай рады пры міністэрстве, аднак у выніку было вырашана не ўносіць яе ў папраўкі ў закон аб абароне правоў спажыўцоў.

Барышнікава паведаміла, што законапраект знаходзіцца ў Савеце міністраў і найбліжэйшым часам будзе ўнесены ў ПП НС.

Паводле яе слоў, прадстаўнікі бізнесу прыводзілі свае аргументы на карысць таго, што ўнясенне адпаведных паправак у заканадаўства не будзе своечасовым. У прыватнасці, не ўсе тэрміны будуць зразумелыя пры перакладзе на беларускую мову; у краіне пастаўлена задача лібералізацыі рынку, зняцця бар'ераў. Акрамя таго, прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначыла, што гаворка ідзе не толькі пра інфармацыю на этыкетках тавараў, але і пра неабходнасць перакладу розных дагавораў, шыльд на вуліцах і інш.

«Праблему трэба вырашаць комплексна, у тым ліку з сістэмай адукацыі, судовай сістэмай і г.д. Можа быць, з часам мы прыйдзем да таго, на чым настойваюць грамадзяне», — сказала Барышнікава.

Старшыня парламенцкай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрый Дарагакупец паведаміў, што ў студзені ў ПП НС паступіла каля 250 прапаноў на тэму размяшчэння вытворцамі інфармацыі на беларускай мове. Пры гэтым сам ён не лічыць, што большасць грамадзян падтрымліваюць гэтую ініцыятыву.

Паводле слоў дэпутата, у краіне ўжо прайшоў этап, калі людзям навязвалі, на якой мове размаўляць. Ён таксама адзначыў, што навязваць чужую волю ў гэтым пытанні няправільна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?