Прайшла сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Вэнэсуэлы.

Беларусь і Вэнэсуэлу зьвязваюць ня толькі ўзаемныя інтарэсы, але і сапраўдная дружба, сказаў кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з Уга Чавэсам. Увогуле, калі верыць паведамленьням дзяржаўных агенцтваў, то размова між двума кіраўнікамі праходзіла выключна ў абстаноўцы камплімэнтаў.

Лукашэнка падзякаваў Чавэсу за тое, што ён усё ж завітаў у Беларусь, нягледзячы на стому ад пералётаў, а таксама паабяцаў «па‑брацку» вырашаць любыя пытаньні для Вэнэсуэлы.

«Гавары, што трэба рабіць і мы будзем рабіць», — сказаў Лукашэнка.

У паўднёваамэрыканскага лідэра таксама на кожнае слова адказ быў гатовы. Ён сказаў, што немагчыма пралятаючы міма не зазірнуць у Беларусь, каб прадэмастраваць «лепшае пачуцьцё дружбы да вашага гераічнага народу».

Як паведамляе БЕЛТА , падчас сустрэчы ў фармаце «тэт‑а‑тэт» Уга Чавэс сказаў, што хацеў бы праверыць выкананьне двухбаковых праектаў, а таксама раней дасягнутых дамоваў. Невядома, ці тут гаворка ішла толькі пра пастаўку ў Каракас МАЗаў і будаўніцтва вэнэсуэльскіх аграгарадкоў?

Дарэчы, адразу па прылёце ў Менск Чавэс паспрабаваў абвергнуць чуткі пра заключаны ў Маскве кантракт у вайсковай сфэры на 30 мільярдаў даляраў.

Кіраўніка Вэнэсуэлы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск-2» сустракалі ня толькі віцэ‑прэм’ер Уладзімер Сямашка і намесьнік кіраўніка МЗС Віктар Гайсёнак, але і беспасадны Віктар Шэйман. Ягоная прысутнасьць была растлумачаная тым, што ён займае пасаду кіраўніка беларуска-вэнэсуэльскай міжурадавай камісіі.

Нагадаем, што ў траўні Інтэрпол пацьвердзіў сапраўднасьць ноўтбука з электронным лістом лідэра калюмбійскіх партызанаў, у якім той гаворыць, што вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс спрабуе ўзброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі.

Гішпанская El Pais сьцьвярджала, што найлепшым сябрам калюмбійскіх партызанаў мог аказацца ўжо былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман. Менавіта ён быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра.

«Я не зьбіраюся займацца ўсякімі вычварэнствамі, які распаўсюджваюць розныя агенцтвы», — заявіў прэзыдэнт Вэнэсуэлы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?