У Магiлёве 17 лiпеня пасля акафiста — царкоўнай хвалебнай песнi ў Свята‑Мiкольскiм жаночым манастыры адбыўся хросны ход у парк iмя Горкага, дзе будуецца храм у гонар Царственных Мучанiкаў i Новамучанiкаў.
А ў суботу, 19 лiпеня, ад Мiнскага кафедральнага сабора адправiлiся два аўтобусы з паломнiкамi ў Крайск — вёску на Лагойшчыне, дзе адзiн з антымiнсаў (хуста з выявай палажэння ў труну Ісуса Хрыста i часткай святых мошчаў, без якой нельга служыць лiтургiю) Свята‑Мiкольскай царквы XIX стагоддзя асвечаны ў гонар iмператара Мiкалая II i членаў яго сям’i, закатаваных 90 гадоў таму ў Екацярынбургу.
У гэты дзень у Крайску адбылося адкрыццё бронзавага бюста цара‑мучанiка, якi ўсталяваны ля храма намаганнямi прыхода i святара айца Сергiя Падольскага. Аўтар бюста — расiйскi скульптар Уладзiмiр Зелянко, а зроблены вобраз на мiнскiм прадпрыемстве «Адменнае лiццё».
17 лiпеня, у дзень забойства царскай сям’i, прыхаджанкi крайскага храма заўважылi на новаўсталяваным бюсце яшчэ адзiн знак — вiльгаць на вачах iмператара — i палiчылi гэта новым цудам. Пад бронзавай скульптурай змешчаны надпiс: «Святы Цар Мучанiк Мiкалай II. Гэты бюст — наша падзяка святым Царственным Мучанiкам за шматгадовую нябесную дапамогу нам, вернiкам‑хрысцiянам, i нашаму праваслаўнаму Крайскаму прыходу».