У цэнтры Мінска адбыўся Марш абураных беларусаў. У ім узялі ўдзел больш за 2000 чалавек, якія пратэставалі супраць так званага «падатка на дармаедаў». Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя.

Удзельнікі Маршу рушылі па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да будынка Міністэрства па падатках і зборах. Там прайшоў кароткі мітынг, падчас якога былі спаленыя некалькі «лістоў шчасця» ад падаткавікоў.

Арганізатары заклікалі дэманстрантаў далучыцца да Дня Волі, які будзе святкавацца 25 сакавіка.

Свой «Марш недармаедаў» на 15 сакавіка плануе правацэнтрысцкая кааліцыя (АГП, БХД, «За свабоду»). Яны падалі заяўку і дамагаюцца дазволу на акцыю, каб прыцягнуць максімальную колькасць удзельнікаў.

* * *

17 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску а 18-й гадзіне мае распачацца акцыя «Марш абураных беларусаў». Яна скіраваная супраць «падатку на дармаедства». Мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі на пачатку збяруцца на народны сход, а затым пройдуць шэсцем па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах, што на вуліцы Савецкай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?