На палігоне «Палескі» праводзяцца выпрабаванні доследнага ўзору баявой машыны 9А33-1Б — новага беларускага варыянту зенітна-ракетнага комплексу «Аса», піша афіцыйнае выданне Мінабароны vsr.mil.by.

Гэта мадэрнізацыя яшчэ савецкага ЗРК з дальнасцю стральбы да 10 км — то бок для непасрэднай абароны баявых парадкаў сваіх войскаў.

Усяго за межамі СНД, як лічыцца, знаходзяцца на ўзбраенні каля 400 такіх машын, у тым ліку ў Грэцыі, Індыі, Іарданіі, Польшчы, Грузіі. Менавіта такім комплексам у 2008 годзе быў збіты расійскі звышгукавы ракетаносец Ту-22М3.

Афіцыйнае відэа 2566-га завода па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення

Доследна-канструктарскія працы па мадэрнізацыі праводзіліся 2566-ым заводам па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення з канца 2012 года і закончыліся ў мінулым годзе.

Па меркаванні беларускіх спецыялістаў капітальны рамонт і мадэрнізацыя «Асы» паднімуць яе характэрыстыкі да сучаснага ўзроўня, забяспечаць надзейнае выяўленне і знішчэнне такіх новых цэляў як беспілотнікі, павысяць перашкодаабароненасць машыны.

У прыватнасці мадэрнізацыя ўключае замену часткі абсталявання станцыі выяўлення цэляў, станцыі суправаджэння цэляў, сістэмы навядзення ракет, піша сайт завода

У выніку максімальная дальнасць выяўлення цэляў вырастае да 60 з 40 км, вырастае дакладнасць навядзення, дальнасць знішчэння цэляў падымаецца да 12 з 10 км, дальнабойнасць па вышыні — да 6 з 5 км.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?