У сталіцы Кіргізстану Бішкеку ўвечары 16 лютага на скрыжаваньні вуліц Фучыка і Васільеўскага тракту адбылася аўтамабільная аварыя. Джып Toyota Land Cruiser Prado з дыпляматычнымі нумарамі амбасады Расеі праехаў на чырвонае сьвятло і ўрэзаўся ў грузавы мікрааўтобус. Кіроўца мікрааўтобуса атрымаў цяжкія пашкоджаньні і пазьней памёр у шпіталі, піша «Радыё Свабода».

Кіргіскія СМІ сьцьвярджаюць, што джыпам карыстаецца намесьнік генэральнага дырэктара «Роснефти» у Кіргізстане Ігар Расны, і менавіта ён быў за рулём у момант аварыі. Акрамя яго ў машыне быў яшчэ адзін чалавек, таксама супрацоўнік амбасады. Ні сам Расны, ні другі пасажыр джыпа не пацярпелі: спрацавалі падушкі бясьпекі.

Машына з дыпляматычнымі нумарамі РФ, якая ўчыніла аварыю

Прадстаўнікі кампаніі «Кыргызнефтепродукт» якая прадстаўляе інтарэсы «Роснефти» ў Кіргізстане, заявілі, што Расны сядзеў на пасажырскім сядзеньні, а хто быў за рулём аўтамашыны — не паведамілі.

«Наш супрацоўнік Ігар Расны ня быў за рулём аўтамашыны Toyota Pradо, якая патрапіла ў ДТЗ 16 лютага», — паведаміла кіраўніцтва кампаніі.

Прэс-сакратар амбасады РФ у Бішкеку Дар’я Пахомава пацьвердзіла, што ведае, што аўтамашына амбасады трапіла ў ДТЗ.

«Нашы супрацоўнікі падтрымліваюць сувязь са сваякамі загінулага. Мы дамо дапамогу сям’і загінулага. Магчыма, будзе нейкая кампэнсацыя», — сказала яна.

Яна таксама падкрэсьліла, што машына амбасады выяжджае «толькі па службовай неабходнасьці» і ў гэтым выпадку «выезд быў па службе».

«Хто мае рацыю, а хто вінаваты, выявіць сьледзтва. Мы смуткуем і выказваем спачуваньні сям’і загінулага ў ДТЗ», — патлумачыла прадстаўнік амбасады РФ.

«Што датычыць статусу чалавека, які быў за рулём джыпа, то магу сказаць, што ў яго статус дыплямата», — падкрэсьліла Пахомава.

Пасьля гэтых заяваў МЗС Кіргізстану накіраваў расейскаму боку ноту.

«Расейскаму боку была ўручана нота МЗС Кіргіскай Рэспублікі адносна неабходнасьці усялякага спрыяньня кіргіскім праваахоўным органам у расьсьледаваньні ДТЗ, уключаючы забесьпячэньне асабістай прысутнасьці ўдзельніка ДТЗ», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

У кастрычніку 2015 году супрацоўнік амбасады Расеі ва Ўкраіне трапіў у аварыю пад Кіевам і адмовіўся праходзіць агляд на алькаголь. Аташэ таксама быў абаронены дыпляматычным імунітэтам, так што паліцэйскія змаглі толькі аформіць паперы і ўзяць паказаньні ў сьведкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0