«Беларусь не зьбіраецца гандляваць сяброўствам з Расеяй у абмен на танныя газ ці нафту» – пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня падчас размовы з кіраўніком расейскай Паўночна-Заходняй акругі Ільлём Клябанавым. Газавая праблема застаецца ў цэнтры ўвагі палітыкаў, урадоўцаў і эканамістаў. Каб пазьбегнуць істотнага падвышэньня цэнаў на расейскі газ, беларускі бок прапануе «Газпрому» пабудова другой чаргі газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа».

У размове з кіраўніком расейскай фэдэральнай акругі Аляксандар Лукашэнка рабіў націск на палітычныя чыньнікі, кажучы, што «Расея заўсёды была і будзе самай надзейнай, братэрскай дзяржавай, зь якой Беларусь будзе будаваць саюзныя адносіны».

Разам з тым кіраўнік Беларусі падкрэсьліў шчыльную сувязь эканомік дзьвюх краінаў, нагадаўшы, што «беларуская эканоміка забясьпечвае ў Расеі працай 5 мільёнаў чалавек». Іншымі словамі, паводле Лукашэнкі эканамічны шок ад рэзкага скачка цэнаў на газ у Беларусі адаб’ецца і на тых расейцах, хто прама ці ўскосна працуе на беларускую эканоміку.

Сёньня першы намесьнік кіраўніка «Белтрансгазу» Цьвітамір Сарахан паўтарыў пазыцыю Беларусі, паводле якой цэны на газ для Беларусі павінны адпавядаць цэнам Смаленскай вобласьці Расеі. Паводле яго, цэны будуць падвышаныя, але не ў разы. Цяпер Беларусь атрымлівае расейскі газ па цане прыблізна 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прадстаўнікі «Газпрому» ў апошнія месяцы заяўлялі пра неабходнасьць падвышэньня цэнаў для Беларусі ў 2007 годзе да 145 даляраў і нават да 230 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паводле аднаго з кіраўнікоў «Белтрансгазу» Цьвітаміра Сарахана, беларускі бок прапанаваў «Газпрому» некалькі цікавых праектаў. Размова ідзе пра пабудову другой чаргі газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа». Ужо цяпер празь першую чаргу гэтага газаправоду, які належыць Расеі, ідзе большая частка беларускага газавага транзыту ў Эўропу. Спадар Сарахан мяркуе, што другая чарга «Ямал-Заходняя Эўропа» абыдзецца значна таньней, чым пабудова газаправоду па дне Балтыйскага мора.

Ён аднак, паведаміў, што адказу «Газпрому» на прапанову беларускага боку пакуль не паступала.

Варта нагадаць, што «Газпром» у сакавіку зьвярнуўся да беларускага боку з просьбай да канца красавіка падаць свае прапановы наконт аплаты газу ў наступным годзе. Са зьместу заяваў прадстаўнікоў «Газпрому», зробленых пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 28 красавіка, вынікала, што «Газпром» не атрымаў прапановаў Менску, якія б яго зацікавілі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0