У судзе Акцябрскага раёна (Гомельская вобласць) 17 лютага завяршыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага міліцыянерамі ў дачыненні да актывісткі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, лідара «Маладых дэмакратаў» Алены Луцковіч. Месяц таму, 17 студзеня, яна разам з блогерам Андрэем Павуком праводзіла апытанне мясцовых жыхароў, што міліцыя расцаніла як дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КоАП).

Згодна з міліцэйскім пратаколам, Луцковіч «наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян адстаць не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян».

Актывістка АГП і блогер здымалі сюжэт для супольнасці ў сацыяльнай сетцы «Рудабельская паказуха». Яны хацелі пачуць меркаванне мясцовых жыхароў пра выбары — наколькі яны сумленныя і справядлівыя.

Суддзя Людміла Гормаш 17 лютага вынесла рашэнне аб тым, што Луцковіч вінаватая ў дробным хуліганстве, бо «наўмысна, беспадстаўна, назойліва, неаднаразова спыняла і чаплялася да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян пакінуць іх у спакоі не рэагавала». Лідар «Маладых дэмакратаў» віну не прызнала і для абгрунтавання сваёй невінаватасці падала відэазапіс апытання. Відэа суд не прыняў да ўвагі, бо «запіс з перапынкамі, зафіксаваны ў дачыненні да кожнага грамадзяніна асобна, такім чынам, не з'яўляецца поўнай фіксацыяй».

Луцковіч пакараная штрафам у 15 базавых велічынь (345 рублёў).

17 студзеня ў міліцыю патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама Сяргей Зарычны. Ён заўважыў на цэнтральнай плошчы Андрэя Павука і Алену Луцковіч, якія «рабілі нейкае апытанне грамадзян», і вырашыў, што яны парушаюць грамадскі парадак.

Міліцыя апытала трох работнікаў райвыканкама, да якіх быццам бы прыставала Луцковіч. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Таццяна Семянец, начальнік упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне Таццяна Габінетава і галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ірына Дулуб напісалі, што пасля «назойлівых чаплянняў» Луцковіч быў парушаны іх эмацыйны спакой, што паўплывала на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці.

Габінетава паскардзілася ў міліцыю, што Луцковіч «рэзкім рухам» заступіла ёй «рух на працу ў будынак РВК» і стала «піхаць» ёй у твар мікрафон.

Актывістка расцэньвае дзеянні мясцовых міліцыі, чыноўнікаў і суда як пераслед паводле палітычных матываў.

«Абсурдная і смешная сітуацыя, з аднаго боку, і сумная — з іншага. Чыноўнікі ў нас як каста недатыкальных, да іх нельга падыходзіць, нельга задаваць пытанні. З іншага боку, у іх вельмі слабая псіхіка, раз пасля аднаго пытання аб выбарах яны страцілі эмацыйны спакой і не здолелі працаваць», — пракаментавала рашэнне суда Луцковіч.

Яна лічыць, што спакой чыноўнікаў парушыла пытанне аб выбарах, бо многія работнікі райвыканкама засядаюць ва ўчастковых і акруговых камісіях і «каму, як не ім, ведаць пра фальсіфікацыі».

Актывістка АГП будзе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?