Здарэньне адбылося 10 ліпеня ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны. Лідэр барысаўскай суполкі Партыі БНФ Сяргей Салаш разам з жонкай Вольгай і дачкой Дамінікай ехалі да сваякоў у горад Армянск. За 40 км ад месца прызначэньня, побач з райцэнтрам Чаплынка, Салаш спыніў сваю «Альфа-Рамэо» на ўзбочыне — Вользе трэ было прыняць лекі. Празь нейкае імгненьне ў машыну ўрэзаўся гружаны МАЗ.
«Ішоў дождж, дарога таксама была досыць вузкая. Кіроўца МАЗу кажа, што яго асьвяціла фарай машына, што ехала насустрач. Мой аўтамабіль адкінула ў кювэт мэтраў на 60. Праехалі між чатырма дрэвамі, але, на шчасьце, іх не зачапілі. Нейкім дзіўным чынам ніхто не пацярпеў. Дамініка спала на заднім сядзеньні. Удар прыйшоўся акурат у тое месца, дзе была ейная галава. Дзякуй Богу, што быў поўным багажнік, таму гэта крыху зьмякчыла ўдар. Абмежаваліся толькі сполахам, а таксама лёгкімі сінякамі і драпінамі. Пасьля такіх здарэньняў па-новаму пачынаеш асэнсоўваць жыцьцё», – кажа палітык.
Паводле ягоных словаў, маторна-транспартнае бюро Ўкраіны абяцае цалкам сплаціць страхоўку за аўтамабіль.
Палітык не паведамляў пра навіну, пакуль не вярнуўся ў Беларусь.