У сістэме бяспекі сістэмы EasyPay, імаверна, існуе ўразлівасць, якой карыстаюцца фінансавыя махляры, дапамагаючы наркагандлярам выводзіць прыбыткі. 

Для спрашчэння разлікаў паміж гандлярамі і спажыўцамі першыя выкарыстоўваюць кашалькі EasyPay, не рэгіструючы іх самастойна, а беручы «ў арэнду» ў невядомых хакераў.

Больш падрабязна чытайце:

Як гандляры спайсамі легалізуюць сотні тысяч даляраў

З невядомых прычын доступ да асобных рахункаў EasyPay ажыццяўляецца не праз арыгінальны сайт разліковай сістэмы, а праз старонку, створаную махлярамі — iwallet.pro. 

Ведаючы нумары рахункаў — а іх наркагандляры звычайна называюць самі, каб кліент мог аплаціць дозу, — можна зайсці ў электронныя кашалькі злачынцаў, мінуючы пратакол інтэрнэт-бяспекі ssl, проста дадаўшы лічбавы код у пачатак адрасу сайта злачынцаў. 

Карэспандэнт «Нашай Нівы» «залагініўся» ў адзін такі кашалёк. 

Найперш, каб спраўдзіць, ці не ідзе гаворка ўсяго толькі пра банальнае капіяванне інтэрфэйсу, мы зрабілі два пераводы на згаданы рахунак праз інтэрнэт-банкінг — 2 і 1 рублі.

Перавод на 2 рублі на рахунак EasyPay адлюстроўваецца ў інтэрфейсе сайта злачынцаў.

Перавод на 2 рублі на рахунак EasyPay адлюстроўваецца ў інтэрфейсе сайта злачынцаў.

Пераводы дайшлі цягам пары секундаў.

Для нас былі даступныя ўсе стандартныя опцыі EasyPay. Але вярнуць грошы назад немагчыма праз страхуючую сістэму — для любога пераводу з кашалька неабходна ведаць чатырохзначны кантрольны код, які выдаецца падчас рэгістрацыі кашалька і, можна меркаваць, яго ведаюць толькі ўласнікі.

Таксама нам сталі бачныя ўсе транзакцыі кашалька злачынцаў — гаворка ідзе пра пераводы тысяч беларускіх рублёў. 

Апошняе паступленне датуецца ноччу 19 лютага — тады на рахунак паступіў 31 рубель. З улікам камісіі гэта акурат заведзеная цана на 2 грамы спайса. 

Агулам гаворка ідзе пра сотні тысяч беларускіх рублёў. 

Апошнія транзакцыі на адным з кашалькоў, які здадзены ў «арэнду» наркагандлярам невядомымі злачынцамі.

Апошнія транзакцыі на адным з кашалькоў, які здадзены ў «арэнду» наркагандлярам невядомымі злачынцамі.

Праўда, мы заблакавалі гэты кашалёк, тройчы ўвёўшы памылковы кантрольны код, а разам з гэтым даведаліся мабільны нумар, на які ён зарэгістраваны: гэта +375 29 8323981 (нумар недасяжны).

Як патлумачылі «Нашай Ніве» ў «Белгазпрамбанку», казаць пра ўзлом сістэмы не выпадае.

«Банк і EasyPay ведалі пра наўмыснае выкарыстанне ідэнтыфікацыйных кашалькоў EasyPay трэцімі асобамі, доступ да якіх ажыццяўляўся праз проксі-сервер са спецыяльнай старонкі. Банкам яшчэ на пачатку лютага прынятыя захады па інфармаванні кампетэнтных органаў аб існаванні дадзенай сітуацыі, за актыўнасцю на дадзенай старонцы ажыццяўляўся маніторынг», — сказалі ў банку

і падкрэслілі, што тэма, паднятая «Нашай Нівай», не датычыць пытанняў бяспекі банка і ўзлому электронных кашалькоў, бо ўказаная схема магла існаваць толькі ў выпадку раскрыцця інфармацыі аб кашальках іхнімі ўласнікамі. 

У банку падкрэсліваюць, што ніводная сістэма непасрэдна «Белгазпрамбанка» ўзламана не была, бо EasyPay — гэта сумесны праект «Белгазпрамбанка» і ТАА «Адкрыты кантакт», дзе банк выступае толькі эмітэнтам.

«Працэсінг электронных грошай EasyPay ажыццяўляе ТАА «Адкрыты кантакт», якому належыць гандлёвая марка EasyPay і сайт, дзе ажыццяўляецца кіраванне кашалькамі. ААТ «Белгазпрамбанк» з'яўляецца партнёрам ТАА «Адкрыты кантакт» і ажыццяўляе эмісію і разлікі па электронных грошах», — адзначылі ў банку. 

* * *

Абноўлена 22 лютага:

Чытайце таксама: Пасля публікацый «Нашай Нівы» продаж спайсаў у краіне паралізаваны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?