Аліса Бізяева прыехала ў Мінск з Малдовы. Калі вучылася на журфаку БДУ, cтварыла Litara.net, які столькі зрабіў для пашырэння беларускай літаратуры. Гэты форум быў цэлай эпохай! Цяпер Аліса збірае перадзамовы на дэбютны зборнік апавяданняў «Дзяўчына на прыпынку». Калі ласка, падтрымайце гэтую задуму!

Як журналіст і літаратурны крытык друкавалася ў часопісах ARCHE, «Памiж», pARTisan, на сайтах Kyky.org і Bookster.by. Цяпер яна жыве ў крымскай вёсцы недалёка ад горада Бахчысарай. Некалькі апавяданняў з кнігі выходзілі ў часопісах «Макулатура», «Дзеяслоў» і ў зборніку фіналістаў конкурсу маладых літаратараў імя Караткевіча.

Аліса вырашыла надрукаваць кнігу з дапамогай народнага фінансавання. «Калі мая кніга камусьці цікавая і я збяру дастаткова перадзамоваў, мая кніга выйдзе ў беларускім выдавецтве і будзе прадавацца па ўсёй краіне». Замовіць асобнік можна на пляцоўцы Ulej.by. Каб падтрымаць ажыцяўленне гэтага праекта, друкуем адно з апавяданняў зборніка.

Азёрны хлеб

Я проста жыла. Гуляла ў лесе, купалася ў возеры штораніцы, пакуль яно не пачынала загусаць, як жэле, і нарэшце не пакрывалася крохкай тонкай скарынкай. Бегала басанож па лугах і палянах, па калена ў мядзьвянай расе, у пошуках зёлак для гарбаты. Зьбірала іх і дарыла сабе, нібыта букецікі ад бога. Потым разьвешвала і сушыла на даўгіх бамбукавых галінках пад стольлю.

— Няма ў мяне ніякага дару. Хіба гэта дар? — замешвала я тугое цеста, якое пакідала на руках казытлівую кашыцу са сьвежазмолатай мукі.

Мая сяброўка Ніна толькі стрымлівала зьедлівую ўсьмешку, раскладаючы па формачках духмянае жоўтае хмяльное цеста для пернікаў, што пахла мятай і цынамонавым алеем.

— Трэба да Галкі завітаць, — будзёна сказала Ніна, жадаючы зьмяніць тэму. — Яна кажа, што імбір так і прэ, няма куды дзяваць. Маўляў, бярыце для пернікаў.

Я ўздыхнула і лізнула лімонны палец.

— Ну што, сяброўка, які хлеб сёньня зробім?

— Давай малочны, — яна задумалася, — ці азёрны.

— Добра, няхай будзе па-твойму.

І мы зацягнулі каламутную абэртонную азёрную, зь ледзьве ўлоўным адхіленьнем на паўтона ў другім радку:

Я возера люблю, я возера сьцерагу.

І ад любой крыўды яго ўратую!

Я перакуліла цеста на стол і мясіла, пакуль мы сьпявалі. Пасьля трэцяга куплета цеста з водарам сьвежага таматнага соку нагрэлася, у руках круціўся пругкі вір успамінаў. Падавалася, што час адмотваецца назад, як скрутак ільняной тканіны на стале. Над намі павісала шчымлівая шматвекавая туга, цягучая мудрасьць, спрадвечнае ўзьнёслае захапленьне.

Адчуваючы прысутнасьць у цяперашнім моманце, я раскладала цеста па формах, ляпіла зь яго зьвяроў і птушак, любоўна ўсаджвала іх на лісьцені, пасыпала насеньнем лёну, расфарбоўвала чаем і пакрывала беласьнежнымі сурвэткамі.

Ніна сядзела з заплюшчанымі вачыма і сьпявала зноў і зноў, потым бяз словаў… Проста пагойдвалася і падвывала.

— Ну вось, — нарэшце наважылася прамовіць я вельмі ціха, каб Ніна, яшчэ занураная ў сябе, не спалохалася.— Цяпер у нас ёсьць дзьве гадзіны цішыні, пакуль хлеб падыйдзе.

Мы апрануліся цяплей і выйшлі ў абляпіхавую цемру. Вуліца яшчэ спала, толькі недзе брахаў няшчасны сабака. Я гнала ад сябе думкі і прадчуваньні, але яны былі надта матэрыяльныя — за маёй сьпінай, сьлед у сьлед за намі, расьцьвітаў новы дзень. Раскатваўся папірусам, клаўся сьветлым туманам — раніца нібыта перасьледавала нас. І так было заўсёды. Гэта было тое самае, дзеля чаго я не паварушыла і пальцам, але дзякуючы чаму мяне паўсюль запрашалі і віталі. Нешта значнае і моцнае, яно існавала само па сабе, без майго ўдзелу. У гэтым не было маёй заслугі. Людзі казалі, што варта мне зьявіцца, варта толькі дакрануцца, як усё ажывае, закіпае, расьцьвітае, пачынае жыць па-сапраўднаму. Насамрэч усё было наадварот: гэта я ажывала, дакранаючыся.

Мы ўзьняліся на дамбу над возерам і сталі насупраць таго месца, адкуль па-над частым грабеньчыкам гор мелася паказацца сонца, і пачалі круціцца, па-суфійску раскінуўшы рукі і ўтаропіўшы позірк у левую далонь. Цяжкія ад расы падолы нашых спадніцаў раскрыліся званамі, зіхацелі і хваляваліся.

Я пабачыла ваўчок, стракаты і залацісты, зь белай чалмой паломніка Мекі. Я адчула сябе гэтым ваўчком, які Чыясьці ўпартая, поўная моцы і жыцьця рука раскручвала нясьцерпна. Я адчула весялосьць і Нечый бязгучны сьмех. Я адчула Моц, якая прымушала мяне няспынна круціцца, нібыта я не ваўчок, а якая-небудзь маленькая плянэта. Я думала пра тое, што чым меншае нябеснае цела, тым хутчэй яму даводзіцца круціцца, каб ня ўпасьці.

Нечая рука стала адпускаць. Мы паступова запавольваліся, нібыта цяжкая карусель ў восеньскім парку. Спыніліся, узяліся за рукі, некалькі хвілінаў у галаве працягвала круціцца. Калі я расплюшчыла вочы, то пабачыла, што твар Ніны быў сьветлы і прыгожы. Трэба спытаць, кім ёй выпала быць, але не цяпер. Потым. 

Наступны ўздых, і першыя промні сьвітанку вогненай пазалотай намалявалі абрыс Дземерджы. Мы зь Нінай глядзелі. Так і стаялі, трымаючыся за рукі. Прапускалі ў сябе першае сьвятло Сёньня. Яно пранізвала нас пяшчотнаю плыньню, асьвятляла ўсе самыя цёмныя куточкі, сагравала, пазбаўляючы болю, выклікаючы надзею. 

Мы спусьціліся да возера і разуліся. Зямля была халодная. Камяні абпальвалі ступні. На вадзе густой павалокай ляжала мяккая дымка. Вада была цёплая. Белая. Прываблівая. Ласкавая, як сунічнае пюрэ.

Мяне апантала надзвычайнае захапленьне. Я ледзьве здолела выдыхнуць. Голасна і цяжка. Рэха нібыта ненадоўга пазычыла і праз імгненьне вярнула мне гэты выдых, адлюставаны шмат разоў у варонцы возера. Я лягла ў вадзе на сьпіну і ляжала так, пакуль цяпло разьлівалася па целе да азяблых кончыкаў пальцаў.

Калі я выйшла з вады, Ніна ўжо сядзела на беразе на кукішках і кідала ў возера каменьчыкі. Падол яе спадніцы быў увесь мокры. Яе камень трапляў якраз у цэнтр колаў на вадзе, роўна у тую ж кропку, што папярэдні. Я паглядзела на неба. Дзьве драпежныя птушкі кружыліся над намі, наганялі боль успамінаў.

Я ўзяла Ніну за плечы і патрэсла. Яна не разьняволілася. Тады я склала далонь чоўнам і моцна, як толькі магла, пляснула яе па сьпіне. Яшчэ і яшчэ. Яна здрыганулася, нібыта ад холаду, затрымцела, дробна завібравала і нарэшце моцна, па-дзявочаму, з высокім гукам выдыхнула. Я абняла Ніну і адчула, як яна адаграецца ў маіх руках. Яна цяплела і плакала. Мы сталі ўзьнімацца на дамбу. Я дапамагала Ніне, трымаючы за руку.

На зваротным шляху па нашай вуліцы сьцялілася туманнае напаўпразрыстае сьвятло. Вёска прачыналася, надрыўна мыкалі каровы і бесклапотна шчабяталі птушкі, цяпер нас суправаджаў бадзёры сабачы брэх з кожнага двара, крыкі пеўняў і дакорлівыя погляды суседак у сьмешных уборах.

Па дарозе Ніна зусім супакоілася, апрытомнела. І сама, нібыта адчуўшы маё пытаньне, стала распавядаць:

— Крыштальны шар,— ціха мармытала яна, адчыніла дзьверцы і дадала ў вогнішча некалькі сухіх паленаў з запечку. Яе рукі ўсё яшчэ трымцелі. — Я была крыштальным шарам-падарожнікам. Я кацілася па палях ды ўзгорках, і за мною цягнуўся залаты сьлед. Усе, хто бачыў гэты сьлед, радаваліся і намагаліся скочыць на яго, хаця б трапіць у золата чаравікамі. Гэта была нібыта дарога кудысьці.

«Ну вось, і ў цябе тое самае. А ты не заўважаеш,» — сказала я шэптам.

Дзьверцы з рыпеньнем зачыніліся, і печ загула. Яе разьдзімала цяга з паддзімала.

— Куды ж яны ішлі? — спытала я, адгортваючы сурвэткі і задаволена прыкмеціўшы, што хлеб добра падышоў і закругліўся зьверху пругкім купалам.

— Ня ведаю, — адказала Ніна ўжо гучней. — Проста ішлі, радаваліся, што хоць кудысьці можна пайсьці. У іх там пустата, цемра, шэрасьць. Ні халеры ня бачна куды ісьці.

— А якія людзі? Нашыя?

— Так.

— І мужчыны там былі?

— І мужчыны.

Мы абедзьве ўздыхнулі і пачалі ставіць хлябы ў печку. Цяжкія чыгунныя формы. Усяго дваццаць зьмяшчалася разам. Засунулі засланку. Ніна зазірнула ў запечак. Там было пуста.

— Ну што, хадзем папілуем?

— Хадзем.

На дварэ пацяплела. Голыя яшчэ дрэвы пафарбаваў яркі сьвятлацень. З градак тырчэлі падмарожаныя за ноч, але бадзёрыя нарцысы. У каронах кветак стаяла талая вада. На прымулах у цяньку яшчэ ляжаў іней. Вераб’і лёталі ад галінкі да галінкі, як дурні, страсалі з крылаў начны прымаразак, ніякавелі ад першай вясновай цеплыні, нібыта прамаўлялі: «Мы жывыя, мы жывыя!»

— Штож-ты-Ніна-не-нара-дзілані-кога? — склады рухаліся ў адным рытме са старой двухрушкай. Піла застопарылася і выгнулася. Ніна залапатала, нібыта думаючы пра тое ж.

— Ён увесь час прасіў. А я чакала, калі Зямля выправіцца. Не хацела ў гэты сьвет дзіця выпускаць.

З хаты моцна запахла хлебам. Мы зь Нінай перазірнуліся і, пакінуўшы пілу ў бервяне, пабеглі ў хату. Я ссунула дзьверцы і ледзьве ўхілілася ад гарачага паветра.

— Яшчэ хвілін пяць і даставалі б цэглу смажаную! Добра напалілі.

За вакном хітала галавою і пакрыўджана мыкала карова. Раптам дзьверы адчыніліся, і ў вітальню ўварвалася дзённае сьвятло.

— Дзяўчынкі, вы ча-аго тут у цемры сядзіцё? — характэрным сваім аканьнем забухторыла Галіна. Яна міргала, увайшоўшы са сьвятла ў поцемкі.

— Сядай, Галіна. Будзем гарбату зь пернікамі піць.

— Ды я толькі за хлебам зайшла, — замітусілася Галіна.

— Ну вось і правільна зайшла. Мусіць, дзеці ў хаце не крычаць, — горка пажартавала Ніна. 

Галіна апусьціла вочы долу, засумавала, села на драўлянае крэсла.

— Не пасьпелі мы. Не было калі. Раніцою ўскоквалі і беглі. Ён — у шпіталь, я — у школу. А то й у начную зьмену хадзіў. А потым… Ну, што я вам буду распавядаць. Лекараў усіх зь першым прызывам заграблі.

— Ладна, Галачка, ня плач, — я кранула Галю за плячо.

— А сама? Ва ўсіх дапытваешся, а пра сябе ніколі не распавядзеш анічога.

— І цяпер не распавяду, — сказала-адрэзала, злосна вытрасла некалькі гарачых пернікаў на сподак. 

Дзьверы зноў адчыніліся, і разам з п’янлівым водарам азону ў пакоі з’явілася Віка, трымаючыся за вушак.

— Дзеўкі, ну і цёмна тут у вас! — навобмацак знайшла крэсла і пляснулася ў яго, утаропіўшыся перад сабою. Калі перад вачыма Вікі праясьніўся сподак зь пернікамі, яна усьміхнулася і з імпэтам пацёрла рукі. Пацягнулася па імбірную слодыч.

Ніна ляпнула яе па руцэ. Віка надзьмула вусны і схавала рукі пад стол.

— Яшчэ Волечку пачакаем, — я зьняла зь печы і паставіла на стол збанок з гарачым малаком.

Не пасьпела дагаварыць, як у пакоі, быццам мышка, ціха прычыніўшы дзьверы, зьявілася танюткая дзяўчына ў белай вышытай сукенцы і камізэльцы зь лямцу. Дзяўчаты войкнулі: «Воля, ну ты майстрыха!»

Воля, і праўда, стаяла, нібы істота з казачнага сьвету, лясная фея ў строі, сатканым з кветак і траваў, размаляваным пылком, вышытым срэбным павуціньнем, уся ў пэрлінках расы, у яркіх вогненых маках і чорных пялёстках касьмічнага суму.

Волечка зьбянтэжана кіўнула на расшытыя боцікі-птушкі. Усе паглядзелі на іх і замерлі ад захапленьня.

Першай ачуняла Віка:

— Давайце ўжо. Сьлінай захлынуся.

Мы пасядалі вакол стала і ўзяліся за рукі. Хвіліну пасядзелі так. Моўчкі. Кожная бязгучна прачытала, загадала нешта таямнічае, асабістае.

Ніна запаліла сьвечку і пачала рэзаць хлеб. Я разьлівала гарачае малако па кубках. Віка зноў пацягнулася за імбірным пернікам і адкусіла кавалак, хітра пазіраючы на нас, нібыта зажоўвала тое, што хоча сказаць.

— На вадаспадзе сёньня была.

— Там жа халодна яшчэ! — зьдзівілася Галка.

— Ажно так захацелася?— сказала я, стрымліваючы ўсьмешку.

Дзяўчаты па-добраму засьмяяліся.

— Магутны ён. Крэпкі. Хаця і ледзяны-ы! — працягнула Вічка, не заўважаючы кпінаў.

— Ну. І як?

Віка паспрабавала схавацца за пернік, нэрвова пакусваючы пасмачку валасоў.

— Што ж там такое здарылася, што ажно нашую Вічку ўвагнала ў чырвань?

— Дзяўчаткі. Схадзіце самі. Даведаецеся.

— Ну, давай. Распавядай ужо!

Усе нецярпліва заёрзалі і перасталі жаваць.

— Ладна. Слухайце. Я лягла, як звычайна, сьпінай да каменя. Ледзь трымаюся рукамі, гляджу ня яго зьнізу, а ён нібыта жывы і на мяне глядзіць. Вада ледзяная. А мяне ажно ў гарачку кінула. Я ногі рассунула і… — Віка выдыхнула рэзка, як ад крэпкай настойкі.

— Ну! — дзяўчаты тузалі яе за рукаў.

Віка толькі млява ўсьміхалася, дазваляла тузаць сябе за плечы. Яе галава бязвольна хісталася. Мы зразумелі, што ад яе няма больш чаго чакаць і пакінулі ў спакоі.

— Ладна, дзяўчаты, давайце варажыць.

Я дастала торбачку з каменьчыкамі і Кнігу. Першай цягнула Волечка, яна была самай малодшай. Трапіла на «Шаляніцу» і пачала чытаць сваім пекным трапяткім галаском, нібыта сьпяваючы: «Гой ты, дзяўчо-шалеўчо. Та падзі ў лясок, прынясі залаты пясок. Пясок з чыстага золата — пшаніцы молатай. Ты пакінь гэны пясок пад асінкаю, перахрасьці яго валасінкаю. Капні пад калодай, зведаеш свой шлях, сваю дарогу».

Мне выпала «Марніца», я, павольна перакотваючы на языку кожнае слова, у думках малюючы карцінкі, прачытала: «Ах ты, дурніца-марніца. Ты злаві-злаві верабейку, папрасі ў яго пёрка і капейку. То пёрка ў чорны глей абмакні. У чорны глей абмакні і ліста напішы. Таго ліста ў лес аднясі і ў дупле схавай, капейкай заручы. Праз год адшукаеш, пра сябе ўсё пазнаеш».

Галіна выцягнула «Нежанінку»: «Гой ты, дзяўчынка-нежанінка. Ты танчы, пляшы, усіх вакол насьмяшы. Нічога не бяры на веру, пайдзі на двор, знайдзі там сякеру. Ліха ні на кога не трымай, не бурчы. Прыйдзе дзень, прыйдзе ноч. Пасядзі, галавы не губляй, памаўчы».

Віцы сёньня варажыць было не дазволена.

Апошняй выцягнула Ніна. А там «Сакавіца»! Мы заціхлі, прыгадваючы: «Гой ты, дзявіца-сакавіца. Ты на раку хадзіла, та па лесе блукала. Што ў кошык зьбірала, дамой забірала. Ты адкрый той кошык, загляні пад прасьцінку. Не зьдзіўляйся, ня плач. Быць табе не дачкой, а маці».

— Колькі сябе памятаю, Кніга ніколі нас не падманвала. Не жартавала з намі, — панурылася я.

Нінка пачырванела і паглядзела на свой жывот, які адразу неяк акругліўся. Усе пасур’ёзьнелі, задумаліся, зазьбіраліся. Падхапіліся, зашумелі спадніцамі, страсаючы дробкі на падлогу.

Я дала кожнай па сьвежым бохане. Дзьверы шырока расчыніліся. У пакой паліліся золата і азон. Мы выйшлі на двор, выцягнуўшы шыі, удыхаючы першае вясновае хараство, паветраныя дэсэрты, ванільныя кактэйлі сонечных промняў, сьвежыя птушыныя дуэты і сакавітае буйства яскравай зеляніны.

Мы разышліся па хатах, рабіць тысячы справаў. А Ніна так і стаяла на парозе, усьміхаючыся ці то сумна, ці то радасна. Не зразумець. Глядзела і глядзела ўсьлед, пагладжвала жывот.

 

* * *

Так і яшчэ адзін дзень пройдзе ў клопатах і цішыні. А калі настане вечар, яны распрануцца і будуць употай разглядаць у люстэрку свае сьвежыя маладыя моцныя і хрусткія, як агуркі, целы. Кожная зь іх будзе горка плакаць у падушку, пакуль сон не забярэ ў свае абдымкі.

 

Красавік 2015

 

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0