Канцлер ФРГ Ангела Меркель заклікала выконваць стандарты бяспекі пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (БелАЭС). Пра гэта яна заявіла ў чацвер у Берліне на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Літвы Саўлюсам Сквярнялісам, паведамляе DW.

Па словах Меркель, усё роўна, жывеш ты па суседстве або далей, пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вядома, што «бяспека атамных электрастанцый мае вырашальнае значэнне». Кіраўнік урада ФРГ дадала, што застаецца «зноў і зноў заклікаць» да таго, каб міжнародныя інспектары наведалі будоўлю АЭС у Беларусі і азнаёміліся з тэхнічнымі параметрамі будучай станцыі. Яна таксама адзначыла, што атамная энергетыка не з'яўляецца справай толькі адной краіны.

«Мы будзем пры кожнай магчымасці гаварыць і з Расіяй пра тое, як важная для нас гэтая тэма», — сказала Меркель. Хоць погляды на гэтую праблему адрозніваюцца, яе трэба абмяркоўваць, дадала яна.

Літоўскі прэм'ер, у сваю чаргу, падкрэсліў, што будаўніцтва БелАЭС у 50 кіламетрах ад Вільні з'яўляецца не літоўскай, а праблемай усяго рэгіёну. «Для Літвы гэта — пытанне выжывання», сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?