Дзесяць гадоў назад, перад святарскімі свячаннямі, калі старэйшы святар настаўляў мяне і маіх калег, ён сказаў такія словы: «Вам давядзецца змагацца з камунізмам». Я моцна здзівіўся, бо які ж камунізм у 2006 годзе, у XXI стагоддзі?! З кожным чарговым годам свайго святарства, я пераконваюся нанова, што той святар меў рацыю: камунізм — гэта рэчаіснасць, у якой мы жывем.

Тое, што адбываецца ў Курапатах сёння — гэта вяршыня айсбергу барацьбы камунізму і хрысціянства. Ідзе змаганне не проста за захаванне месца, на якім загінулі і былі пахаваныя ахвяры сталінскіх, камуністычных рэпрэсій… Ідзе барацьба за бачанне, візію ЧАЛАВЕКА.

Для камуністычнай ідэалогіі чалавек заўсёды быў нічым. Ён мог быць «гарматным мясам», яго годнасць прыніжалі ў лагерах. Камунізм культываваў і працягвае культываваць жахлівыя міжчалавечыя адносіны: здраду, нянавісць, ідалапаклонства і абыякавасць. Як жа доўга ён працягваў і працягвае руйнаваць сям'ю, забіваць сумленне чалавека! Чалавек для камунізму не мае ніякай вартасці, акрамя адной — чалавек мог «смела» ахвяраваць сабой «за Леніна, за Сталіна».

Сёння ідэалогія камунізму жыве і існуюць людзі, якія не саромеюцца называць сябе камуністамі, не саромяцца ганарыцца нквдшнай формай! Мы надалей шпацыруем побач з помнікамі ленінам-дзяржынскім па вуліцам паўлікаўмарозавых і адпраўляем сваіх дзяцей на экскурсію на лінію сталіна.

Хрысціянства ва ўсе часы, у адрозненні ад камунізму, заўсёды падкрэслівала ўнікальнасць і вартасць чалавека, таго, які быў створаны «на вобраз і падабенства Бога». Годнасць чалавека была шматкроць узвышана Богам, а асабліва тады, калі Спрадвечнае Слова, Ісус Сын Божы стаўся Чалавекам!

Калі знішчаць Курапаты, то хрысціянства прайграе ключавую бітву за Чалавека. Калі знішчаць Курапаты, то ўжо не будзе хрысціянскай Беларусі, а лепей сказаць ніякай Беларусі не будзе. Калі будзе здзейснены нялюдскі чын, то паўстане ізноў Нялюдскі чалавек, які знішчыць рэшту свабоды, рэшту грамадскага і асабістага сумлення чалавека. Мы далучымся да цывілізацыі смерці, пра якую шматкроць казаў Папа Ян Павел ІІ.

Можа ўжо хопіць верыць «у душэ», можа ўжо час беларусам пакаяцца, навярнуцца да веры ў Хрыста, узгадаць запаведзі? Можа ўжо хопіць слухаць тых, якія паказваюць «шлях камунізму», вучаць нас як жыць і сваёй праўдзе праз тэлевізар? Давайце слухаць таго, Які сам кажа пра сябе так: «Я - дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14:6). 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?