Колькі цягнецца Вялікі пост?

У праваслаўных хрысціян сёлета ён пачынаецца 27 лютага і будзе доўжыцца да 15 красавіка, аж да Вялікадня, які ў гэтым годзе і праваслаўныя, і каталікі адсвяткуюць у адзін дзень — 16 красавіка. Але апошнія пачнуць пасціць толькі 1 сакавіка.

Калі казаць проста, то Вялікі пост з’яўляецца шляхам да Вялікадня. Такім чынам вернікі ўшаноўваюць памяць Хрыста, які ў свой час пасціўся ў пустыні 40 дзён.

Асноўныя правілы

Самыя строгія патрабаванні тычацца першага і апошняга тыдня. Есці дазваляецца толькі адзін раз на дзень, пажадана ўвечары. На выходных можна дазволіць сабе два прыёмы ежы.

Што катэгарычна нельга есці?

У пост традыцыйны не ядуць мяса, малочнага, яек і астатніх прадуктаў жывёльнага паходжання, а таксама салодкай выпечкі.

Чым сілкавацца ў пост?

Сярод асноўных прадуктаў, дазволеных у пост, — хлеб, розныя крупы, салёная і марынаваная гародніна, варэнне з ягад і садавіны, бабовыя, грыбы, сухафрукты, арэхі, мёд, сезонная гародніна і садавіна, рыба (але яе можна ўжываць толькі два разы за ўвесь пост).

Хворым не рэкамендуецца

Праваслаўная царква дазваляе не трымаць пост нямоглым, хворым, старым і дзецям да сямі гадоў. Таксама гэта датычыць цяжарных і кормячых жанчын.

Супрацьпаказана такая жорсткая дыета і тым, хто хварэе на страўнік, падстраўнікавую залозу, дыябетыкам і людзям з нізкім узроўнем гемаглабіну ў крыві.

Увогуле большасць святароў лічыць, што правілы харчавання ў Вялікі пост — гэта далёка не галоўнае. Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску Аляксандр Пальчэўскі каментуе гэта так: «З моманту грэхападзення Адама і Евы людзі яшчэ пры нараджэнні наследуюць грэшную прыроду. Царква ж дапамагае аднавіць парушаную сувязь чалавека з Богам, вярнуць унутраную гармонію, а пост — гэта адзін з даступных нам сродкаў быць лепш. Кожны год людзі зашмат увагі надаюць сілкаванню падчас паста, але ежа — толькі пабочнае. На першым месцы стаіць задача за гэты перыяд прасунуцца і вырасці духоўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?