У сталіцы востра стаіць пытаньне з паркоўкай і захоўваньнем аўтамашын. Каб вырашыць гэтае пытаньне, гарадзкія ўлады і дзяржаўтаінспэкцыя ствараюць сумесныя праекты. Так, было прынятае рашэньне аб будаўніцтве ў Менску часовых ахоўных аўтастаянак і тратуарных парковак.

«Дзяржаўтаінспэкцыя заклапочаная праблемай няхваткі ў сталіцы аўтастаянак і парковак. Сёньня ў Менску зарэгістравана амаль паўмільёна адзінак асабістага легкавога аўтатранспарту. А месцамі на паркоўках, аўтастаянках, а таксама гаражамі забясьпечаны толькі 31 працэнт аўтаўладальнікаў. Гэта вельмі мала, кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня ДАІ, начальнік аддзелу арганізацыі дарожнага руху г. Менску Канстанцін Страх. — Менавіта таму мы выступілі з ініцыятывай таго, каб ва ўсіх раёнах гораду ў самых праблемных месцах былі пабудаваныя аўтастаянкі і тратуарныя паркоўкі. Плянуецца, што ў хуткім часе ў сталіцы зьявіцца 185 парковак, на кожнай разьмесьціцца 75—100 машын. Але гэта ня вырашыць цалкам праблему. Да таго ж яшчэ ня знойдзены грошы для рэалізацыі гэтага праекту».

Пакуль яшчэ невядома, колькі будзе каштаваць адна такая тратуарная паркоўка. Спэцыяльна для гэтага трэба зрабіць карэкціроўку бюджэту гораду. Калі хутка будуць знойдзены сродкі, рэалізаваць праект можна яшчэ сёлета. Гарадзкія ўлады разьлічваюць на дапамогу тых арганізацый і прадпрыемстваў, непадалёк ад якіх і будуць разьмешчаны тратуарныя паркоўкі. Таму цяпер ідзе актыўны пошук патэнцыяльных інвэстараў. Дзяржаўтаінспэкцыя выступае за тое, каб спрасьціць працэс узгадненьня і збору патрэбных дакументаў. Усё гэта робіцца для прыцягненьня інвестараў.

«Многія прывыклі да таго, што можна ставіць машыны амаль усюды. Але гэта няправільны стэрэатып. Мы змагаемся з такімі парушэньнямі. Некаторых проста папярэджваем. А бываюць такія сытуацыі, што даводзіцца выпісваць штраф або эвакуяваць транспарт. Але эвакуацыя — гэта апошні крок. Разумееце, у дварах можна пакінуць машыну толькі часова, напрыклад, у час абеду. А для пастаяннай паркоўкі адведзены спэцыяльныя месцы, — тлумачыць Канстанцін Страх.

Паводле яго слоў, за дзень на ахоўную стаянку эвакуююцца некалькі дзясяткаў аўтамабіляў, якія былі няправільна прыпаркаваныя і заміналі руху транспарту і пешаходаў. А да адміністрацыйнай адказнасьці кожны дзень прыцягваецца некалькі сотняў кіроўцаў, якія парушылі правілы прыпынку або стаянкі. Пакараньне за парушэньне правілаў паркоўкі ў Беларусі пакуль яшчэ ня вельмі жорсткае. Магчыма, што менавіта таму ў Менску столькі парушэньняў, зьвязаных зь няправільнай паркоўкай.

Сяргей Дзевятоўскі, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0