У сваім новым праекце Максім Сарычаў даследуе гвалт як інструмент улады дзеля кантралявання сацыяльнага асяродку. Гэта тэма заўжды прысутнічала ў творчасці аўтара, але тут гаворка ідзе не столькі пра канкрэтныя падзеі ці з’явы беларускай штодзённасці, як пра адчуванне небяспекі ў аўтарытарным грамадстве і механізмы сілавой рэгуляцыі.

Палітычны чыннік грае даволі значную ролю ў сучасным мастацтве Беларусі. Правы чалавека, законнасць і дэмакратыя — гэтыя каштоўнасці застаюцца праблемнымі, маюць неадназначны статус. Прафесійная пазіцыя, якую займае Сарычаў, ляжыць на мяжы крытычнага мастацтва і журналістыкі, што тлумачыць засяроджанасць аўтара на грамадска-палітычнай тэматыцы. Падавалася б, пратэставы дыскурс накладае пэўныя абмежаванні, аднак у сваім даследаванні тэмы Сарычаў выходзіць за межы выключна беларускай сітуацыі, ахоплівае шырэйшае поле, закранае ўзровень побытавай псіхалогіі.

«Сляпая зона» яднае фатаграфію, графіку, знойдзеныя аб’екты, гістарычны матэрыял. Выкарыстанне ў праекце дакументальнай фатаграфіі і архіву разам з пастановачнымі здымкамі дазваляе ўдасканаліць наратыў, у якім спалучаюцца прыватныя гісторыі і яскравыя спасылкі на мясцовы палітычны кантэкст. Разам з тым выказванне не зводзіцца да выключнай радыкальнай пазіцыі, аўтар хутчэй імкнецца аб’яднаць добра знаёмыя вобразы і падаць агульную карціну, паралельна рэфлексуючы над сваім стаўленнем да яе.

На сённяшні дзень Максім Сарычаў — напэўна, адзін з найбольш вядомых візуальных мастакоў Беларусі, які працуе з тэмай улады і грамадства. Сярод ягоных прафесійных дасягненняў — шматлікія ўзнагароды ў нацыянальных конкурсах і ўдзел у міжнародных фестывалях, такіх як Warsaw Photo Days 2013 (Польшча), Vilnius Photo Circle 2013, 2014, 2016 (Літва), Tbilisi Photo Festival 2016 (Грузія). Сарычаў — пераможца важных фотападзеяў Беларусі: конкурсаў PRAFOTA 2015 і Belarus Press Photo 2015. Удзельнік калектыву мастакоў LĒD.

Выстава праходзіць у прасторы «ЦЭХ» па адрасе вул.Кастрычніцкая, 16, другі паверх (над «Хуліганам»).

Выстава працягнецца да 6 сакавіка.

Кошт уваходу — 4 руб. Школьнікам, студэнтам і пенсіянерам — 2 руб. (па прад'яўленні пасведчання).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0