Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да двух жыхароў Светлагорска за страляніну з пнеўматычнай зброі па падлетках. Такая інфармацыя размешчаная на сайце УУС Гомельскага аблвыканкама.

Хуліганаў затрымалі вайскоўцы аўтапатруля, якія неслі службу па ахове грамадскага парадку. На месца здарэння праваахоўнікі прыбылі, атрымаўшы аператыўнае паведамленне аб тым, што ў адным з мікрараёнаў Светлагорска двое маладых людзей учынілі страляніну з пнеўматычнага пісталета па людзях. Як высветлілася, маладыя людзі, абодва 1995 года нараджэння, будучы нецвярозымі, вырашылі такім чынам высветліць адносіны з непаўналетнімі, якія каталіся з горкі на дзіцячай пляцоўцы.

Парушальнікі правапарадку былі затрыманыя, пры затрыманні ў аднаго з іх быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет маркі Borner.

У дачыненні да маладых людзей распачатая крымінальная справа за хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?