Адзін зь ляўрэатаў сёлетняга «Басовішча» магілёўскі гурт «Глюкі» спыніў сваё існаваньне. 23 ліпеня музыкі сабраліся разам і вырашылі, што далей граць разам яны ня могуць.

За час сваёй дзейнасьці «Глюкі» сталі адным зь лепшых гуртоў Магілёву, пра іх ведалі ня толькі ў родным горадзе, але і ў іншых месцах Беларусі. Што сталася прычынай распаду папулярнага калектыву?

Адразу па вяртаньні з фэстывалю з гурту сышоў бубнач, учора — вакаліст і клявішніца. Дырэктар «Глюкаў» Віталь Шум кажа, што прычына распаду — у супярэчнасьцях асабістага характару.

— Гурт мусіў разваліцца яшчэ два гады таму. Узьніклі канфлікты асабістага пляну. Але тады атрымалася іх стрымаць, азадачыць гурт пэрспэктывамі. Столькі матэрыялу напрацавана, у іх песень яшчэ на альбомы тры‑чатыры… Шкада, што гэта ніхто ніколі не пачуе.

Адзін з даўніх сябраў гурта «Глюкі» музыкант Аляксандар Памідораў у такую навіну верыць адмовіўся. Ён упэўнены, што перад выхадам новага альбому магілёўцы проста не маглі разыйсьціся.

— Гэта проста нейкая фігня, бо гурт ужо скончыў запіс свайго новага альбома. Таму казаць пра прыпыненьне дзейнасьці — гэта, па‑мойму, проста глупства.

Аляксандар Памідораў дадае, што «Глюкі» — гэта не адзіная каманда, якія спыніла сваё існаваньне адразу пасьля «Басовішча». Калісьці такі лёс напаткаў гурты Exist, Impatt, Taxi. На думку Памідорава, да распадаў прыводзяць шок і эмоцыі, якія музыканты адчуваюць на вялікім фэстывалі.

Паводле Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Глядзі яшчэ:
Вольскі нэрвова курыць у куце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0