Пра перавод у Менскую калёнію Сяргей Парсюкевіч паведаміў жонцы Натальлі праз тэлефон 24 ліпеня:
«Дазволілі яму пазваніць, і ён паведаміў, што пераводзяць у Менскую калёнію. Маўляў, яму трэба там быць як былому міліцыянту. Сяргей быў вельмі разгублены. Маё меркаваньне, што маральна зьдзекуюцца зь яго».
Сёньня, 25 ліпеня, у адміністрацыі Менскай калёніі пацьвердзілі, што Сяргея Парсюкевіча ўжо прывезьлі ў калёнію. У якім атрадзе ён будзе адбываць пакараньне, не паведамілі. Супрацоўнік адміністрацыі сказаў, што пра гэта сваякам вязьня паведамяць праз два тыдні пасьля таго, як ён пройдзе карантын. Прычыны пераводу міліцыянты не камэнтуюць.
У Менскай калёніі, якая мае першы парадкавы нумар сярод калёній Беларусі, знаходзіцца адмысловы атрад для адбыцьця пакараньня былымі супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры і КДБ.
Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года зьняволеньня. Паводле прысуду, Парсюкевіч зьбіў міліцыянта, калі адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сам асуджаны заяўляе, што зьбівалі яго.