З таго часу мінула 85 гадоў. Цяперашнім людзям цяжка нават уявіць, што такое голад. Яшчэ цяжэй усвядоміць тое, што голад не быў наследкам неўраджаю, а быў створаны савецкай уладай спецыяльна. Больш за ўсё ўкраінцаў загінула ў Харкаўскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Чарнігаўскай, Адэскай абласцях — у жытніцы Еўропы, на чарназёмах, быў голад.

Галоднай смерцю тады загінула каля 4 мільёнаў чалавек. У мірныя 1932—1933 гады ўкраінцаў загінула прыкладна столькі ж, колькі ў Другой сусветнай вайне.

Першымі, самымі безабароннымі, ахвярамі Галадамору былі дзеці — іх колькасць складае амаль палову ад агульнай колькасці ахвяр. А колькі дзяцей не нарадзілася…

Арганізатары масавага забойства голадам у 1932—1933 гадах загадалі адбіраць у сялян усе прадукты, усю скаціну, усё неабходнае для выжывання. Штучна створаны голад падтрымліваўся ізаляцыяй сёл. Дарогі, па якіх спрабавалі дабрацца да гарадоў, перакрываліся ваенізаванымі атрадамі.

Людзі елі траву, кару, падлу, пацукоў, катоў, сабак… Былі масавыя выпадкі канібалізму. Толькі афіцыйна было заведзена каля 2000 спраў аб людаедстве.

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая мае беларускія і ўкраінскія карані, згадвае, што калі яна маленькай жыла ў сваёй украінскай бабулі, то бабуля і іншыя вясковыя жанчыны заўсёды замаўкалі, калі праходзілі міма хаты адной жанчыны, пра якую ведалі, што ў Галадамор яна з’ела сваіх дзяцей… Яе ніхто не асуджаў, проста замаўкалі…

Страшна, амаль невыносна, чытаць сведчанні тых, хто перажыў Галадамор.

Вось расказ Уладзіміра Сергіенкі з Харкаўскай вобласці, які ў той час быў дзіцём: «Ніколі не забуду жахлівага ўчынку, да якога падштурхнуў голад нашых суседзяў — дзядзю Яшу і цёцю Кацярыну. У гэтай пары памерла адзіная любімая дачка Галя. Яе мёртвае цельца паклалі ў нейкую скрыню і павезлі ў астатні шлях, раз за разам падаючы ад бяссілля. Суседзі падышлі дапамагчы і папрасілі адкрыць твар памерлай, каб развітацца. Бацькі запратэставалі. Хутаране ўсё ж настаялі на сваім і пабачылі, што цела дзяўчынкі абрэзана нажом. Раз’юшаныя людзі накінуліся на мужа і жонку, каб пакараць іх за людаедства. А дзядзя і цёця сталі маліць не забіваць іх, апраўдваючыся: «Елі яе ўжо нежывенькую». А як жа раней песцілі Якаў і Кацярына сваю дачушку, як балавалі. Памятаю, гадоў за пяць да гэтай страшнай трагедыі бацька, прадаўшы карову, купіў Галі паўмяшка цукерак. Дзеля дачкі ён быў гатовы на ўсё. Аднак і ён не вытрымаў здзеку голадам, страціў чалавечае аблічча».

А вось аповед Алены Нагорнай з Запарожскай вобласці: «Баюся, сынок, баюся ўспамінаць пра гэта. Бо пасля голаду быў трыццаць сёмы, і ў нас ездзіў «чорны воран», дзёўб людзей… А ў голад памёрла трое маіх сыноў — Васілёк, Рыгор і Пятрусь. Адзін аднаго меншы. Як жа яны хлябцу прасілі! Божа мой! Ніхто не злітаваўся, ніхто — ні Бог, ні сельсавет, — апухлі мае дзеткі…»

Расказвае дачка рэпрэсаванага доктара Алена Жарнова з Запарожжа: «Бацьку як камуніста пасылалі на хлебанарыхтоўкі. Пасля кожнай паездкі ён вяртаўся чорны. «Яны ўсе памруць. Ім ужо няма чаго аддаваць. Маленькі бурачок — і той цягнуць з дому. А ў кожным доме — па сем-дзесяць дзяцей. Гэта забойства. Забойства без стрэлу!»

Хто вінаваты ў гэтым масавым забойстве, у гэтым страшным злачынстве? Усе, хто браў у ім удзел. Пачынаючы са Сталіна, які аддаваў распараджэнні пра тое, каб забраць у сялян усю ежу, і заканчваючы тымі «ўпаўнаважанымі», якія непасрэдна адбіралі ў сялян хлеб да апошняга зярнятка, усе прадукты, тымі, хто не дазваляў апухлым ад голаду людзям выязджаць з вёсак.

Па вялікім рахунку, вінавата савецкая ўлада, дзяржава СССР. Пры гэтым ніхто не быў пакараны за гэта. Наадварот, трагедыю ўкраінскага сяла камуністычная ўлада ўспрыняла як перамогу.

Так, адзін з высокапастаўленых дзеячаў кампартыі ва Украіне, член Палітбюро Мендзель Хатаевіч (да слова, ён быў родам з Гомеля) з гонарам заяўляў у 1932 годзе: «Паміж сялянамі і нашай уладай ідзе жорсткая барацьба. Гэта барацьба не на жыццё, а на смерць. Гэты год стаў выпрабаваннем нашай сілы і іх цягавітасці. Голад даказаў ім, хто тут гаспадар. Ён каштаваў мільёны жыццяў, але калгасная сістэма створана. Мы выйгралі гэтую вайну».

У 2006 годзе Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна прызнала Галадамор 1932—1933 гадоў генацыдам украінскага народа. Па законе публічнае адмаўленне Галадамору лічыцца супрацьпраўным, але пакаранне за такія дзеянні не ўдакладняецца.

Галадамор прызналі генацыдам украінцаў 24 дзяржавы: Грузія, Эстонія, Іспанія, Італія, Канада, Латвія, Літва, Польшча, ЗША, а таксама шэраг цэркваў (Каталіцкая царква, Канстанцінопальская праваслаўная царква ды іншыя). У той жа час многія краіны, напрыклад Расія і Беларусь, не прызналі афіцыйна Галадамор генацыдам. Больш за тое, многія расійскія гісторыкі абвінавачваюць украінцаў у наўмысным палітызаванні гэтай трагедыі, а таксама ў тым, што прызнанне Галадамору генацыдам распальвае міжнацыянальную варожасць.

На чым базуецца ўспрыманне Галадамору як генацыду? Першым гэты тэрмін у адносінах да Галадамору прапанаваў адвакат Рафаэль Лемкін у 1944 годзе (дарэчы, нарадзіўся ён у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці). Лемкін — аўтар самога тэрміна «генацыд» і праекту канвенцыі ААН аб папярэджанні і пакаранні злачынстваў генацыду. Ён, як і шэраг іншых даследчыкаў потым, лічыў, што Галадамор цалкам падпадае пад вызначэнне генацыду, і ставіў яго ў адзін шэраг з Халакостам (вынішчэннем яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны). Згодна з міжнародным правам, генацыдам лічацца дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, цалкам або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую, рэлігійную ці іншую гістарычна-культурна-этнічную групу як такую шляхам забойстваў членаў гэтай групы, прычынення цяжкай шкоды iх здароўю, мер, разлічаных на прадухіленне дзетанараджэння ў такой групе, адабрання дзяцей з сям’і, наўмыснага стварэння жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае або частковае фізічнае знішчэнне гэтай групы.

Тыя гісторыкі, якія не ўспрымаюць такой канцэпцыі, абгрунтоўваюць сваю думку тым, што голад у 1932—1933 гадах быў створаны не толькі ва Украіне, а, напрыклад, у Паволжы, Казахстане, іншых рэгіёнах СССР, таму, маўляў, гаварыць аб генацыдзе менавіта ўкраінцаў некарэктна.

Але як бы хто ні ставіўся да гэтых падзей, ясна, што Галадамор — праява сусветнага Зла, якое часта праяўляецца ў дзеяннях улады, калі яна становіцца бесчалавечнай, непадкантрольнай народу, беспакаранай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?