Пры канцы студзеня Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША апублікавала на сваім сайце 13 мільёнаў старонак дакументаў, якія раней былі даступныя толькі ў Нацыянальным архіве.

Беларусы ў ЦРУ былі заангажаваныя ў шэраг праектаў, якія мелі на мэце перадусім атрыманне актуальных звестак аб стане рэчаў у Савецкай Беларусі, антысавецкую агітацыю беларускага насельніцтва і падрыхтоўку да магчымых ваенных дзеянняў супраць СССР.

Тут сустракаюцца як цікавыя факты з біяграфіяў вядомых асобаў, так і не менш адметныя сюжэты з жыцця малавядомых постацяў. Але ўсіх гэтых персанажаў яднае падабенства іх лёсаў падчас вайны ў Беларусі і на эміграцыі ў Заходняй Еўропе ды ЗША, а таксама заблытанасць у віры супрацьстаяння амерыканскіх, нямецкіх і савецкіх спецслужбаў.

У першай публікацыі на сайце «Нашай Нівы» мы расказалі пра Францішка Кушаля, Станіслава Станкевіча, Ніну Якубовіч і Эмануіла Ясюка. Гэтым разам звернемся да пары іншых імён. 

Могілкі герояў

Прыхільнікі Рады БНР, якая аднавіла сваю дзейнасць у 1947 годзе ў Заходняй Нямеччыне, неўзабаве наладзілі кантакты з амерыканскім ЦРУ. Аналізуючы дакументы амерыканскай разведкі, перадусім варта звярнуць увагу на ўжываныя ў іх крыптанімы. Рада БНР называлася CAMBISTA-1, а яе дзеячы, у храналагічным парадку іх далучэння да супрацоўніцтва, атрымлівалі такі самы псеўданім з адпаведнай лічбай. Так, напрыклад, Барыс Рагуля меў мянушку CAMBISTA-2, прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык — CAMBISTA-4, і г.д. (пазней да гэтых крыптанімаў дадалі яшчэ дзве літары — AECAMBISTA).

Беларусы ў ЦРУ былі задзейнічаныя ў цэлым шэрагу праектаў, такіх як REDSKIN (аперацыі, звязаныя з легальнымі метадамі камунікацыі з агентамі ўнутры СССР), REDSOX (аперацыі, звязаныя з нелегальным вяртаннем эмігрантаў у Савецкі Саюз) і AEDEPOT (таксама AEREADY — падрыхтоўка кадраў на выпадак вайны з СССР).

Выключна беларускім быў праект AEQUOR, які прадугледжваў разведвальныя аперацыі ў БССР з выкарыстаннем прыхільнікаў Рады БНР, а таксама фінансаванне газеты «Бацькаўшчына».

Агенты, падрыхтаваныя ў межах праекту AEQUOR для засылкі ў БССР (сярод іх Янка Філістовіч, Цімох Вострыкаў і г.д.), мелі крыптанім CAMPOSANTO з адпаведнымі нумарамі. Цікава, што з лаціны aequor перакладаецца як «роўнядзь», camposanto з іспанскай — «могілкі», а cambista — «мяняла».

Калі заўтра вайна

Барыс Рагуля адабраў з ліку маладых беларусаў каля 60 кандыдатаў, якія, на яго думку, мусілі б скласці беларускі дэсантны батальён пад амерыканскім кіраўніцтвам.

Барыс Рагуля адабраў з ліку маладых беларусаў каля 60 кандыдатаў, якія, на яго думку, мусілі б скласці беларускі дэсантны батальён пад амерыканскім кіраўніцтвам.

Кантактнай асобай між Радай БНР і ЦРУ першапачаткова быў Барыс Рагуля. Як вынікае з дакументаў, амерыканская разведка цікавілася ягонай асобай яшчэ ў 1948 годзе. У 1950, калі паўстала неабходнасць спраўдзіць інфармацыю, якую паведаміў контрвыведцы CIC агент Моніч, таксама вядомы пад іменем Антона Дуды, супрацоўнікі ЦРУ звязаліся з Рагулем асабіста, бо ягонае імя таксама згадвалася ў справаздачы кур’ера.

Нагадаем, што Моніч-Дуда быў накіраваны ў 1948 годзе Францішкам Кушалем праз тэрыторыю ПНР з місіяй прабрацца ў СССР, але, як у выніку ўдалося высветліць, так туды і не трапіў. Тым не менш, вярнуўшыся ў Заходнюю Нямеччыну, ён, са словаў Кушаля, пераказаў сфальсіфікаваныя сведчанні аб сваім побыце ў БССР і кантакце з «беларускімі партызанамі» (аб гэтым мы згадвалі ў мінулым матэрыяле «Беларусы на службе ЦРУ», змешчаным на сайце «Нашай Нівы»). ЦРУ, аналізуючы гэтыя звесткі, збірала інфармацыю пра згаданых Монічам асобаў і рэаліі. Напрыклад, аб назве «Чорны кот» паведамлялася наступнае: «Арганізацыя неаднаразова згадваецца як вольнае аб’яднанне бандыцкіх груповак з нізкім патэнцыялам у якасці арганізаванага руху. Гэтая назва пераважна ўжываецца для апісання ўсіх відаў супраціву з боку незадаволеных асобаў у Беларусі і Украіне».

У далейшым сустрэчы супрацоўнікаў ЦРУ з Рагулем рабіліся ўсё часцейшымі. У адным з дакументаў згадваюцца забаўныя «распазнаўчыя сігналы» для сустрэчы з інфарматарам: «Аб’ект уваходзіць і сморкаецца. [Агент] пытаецца па-нямецку, ці здалёк ён прыйшоў. Аб’ект адказвае: «Не, тут праз вуліцу». [Агент] пытаецца ў аб'екта, ці яму вядомае значэнне слова «Маладзечна». Сам Рагуля пазней узгадваў у лісце да кіраўнцтва ЦРУ: «В марте 1951 года я имел первую встречу с г-ном Давидом в Мюнхене. На его вопрос, что я могу пообещать дать с белорусской эмиграции для предусмотренной акции, я ответил, что в настоящий момент ничего, кроме хорошего желания её осуществить… Один надлежаще подготовленный человек равнялся бы… сотне солдат на фронте. В противном случае нам нет смысла подвергать риску жизнь белорусских патриотов».

У 1953 годзе амерыканскія спецслужбы характарызавалі Рагулю наступным чынам: «інтэлігентны, антыкамуніст, дасведчаны ў антысавецкай контрразведвальнай працы, але эгаістычны, амбіцыйны і перадусім зацікаўлены ў распаўсюджанні беларускага нацыяналізму». Псіхалагічныя тэсты паказвалі, што Рагуля, безумоўна, не з'яўляецца варожым агентам і шчыра супрацоўнічае з ЦРУ, але ў большай ступені зацікаўлены ў грошах, чым сцвярджае. Ён таксама прыхоўваў факт кантактаў з брытанскай разведкай і ў пэўнай ступені замоўчваў сваю дзейнасць падчас вайны. У выніку была зробленая выснова, што высвятленне яго рэальнага мінулага можа дапамагчы кантраляваць яго шляхам шантажу. Але настроены ён быў рашуча: у 1951 годзе Рагуля ў размове з супрацоўнікам разведкі на пытанне, ці не шкада яму кідаць кар'еру доктара, адказаў, што няма ніякага сэнсу распачынаць кар'еру, якая праз пару гадоў можа быць перарваная вайной.

Рыба, якая не маўчала

Фота дакументаў Лявона Карася, якія былі пры ім у момант гібелі.

Фота дакументаў Лявона Карася, якія былі пры ім у момант гібелі.

На 1951 год Рагуля адабраў з ліку маладых беларусаў каля 60 кандыдатаў, якія, на яго думку, мусілі б скласці беларускі дэсантны батальён пад амерыканскім кіраўніцтвам. Першы агент, які цалкам задаволіў амерыканцаў і быў падрыхтаваны, дэсантаваўся ў Беларусі 21 верасня 1951 года — гэта быў Янка Філістовіч. Між іншым, разглядалася магчымасць перакідкі агентаў наземным шляхам — з Фінляндыі, але ад гэтай ідэі адмовіліся, бо такі спосаб не дазваляў пераправіць абсталяванне для радыёсувязі. Хаця лёс Філістовіча дакладна так і не быў вядомы, у 1953 следам за ім накіраваліся чацвёра ўдзельнікаў «другой каманды» праекта AEQUOR — група Цімоха Вострыкава. Але гісторыя гэтага дэсанту заслугоўвае асобнага аповеду.

Рагуля прапаноўваў стварыць кадравую школу БНР, якая была б прыкрыццём для вярбоўкі і падрыхтоўкі агентаў для перакідкі ў СССР, але гэтая справа так і засталася на паперы. У 1954 Рагуля пісаў Абрамчыку з гэтай нагоды: «Шлю Вам гэты ліст, каб гэным шляхам паведаміць Вас аб яшчэ адной з шматлікіх няўвязак у нашым супрацоўніцтве з сябрамі… Мы апынуліся ў паложанні калабарантаў. Цяжкасць гэтага паложання якраз у тым, што калабарант мусіць шукаць выхаду з сітуацыяў, створаных тымі, ад каго ў аснаўным праца залежыць…» (правапіс захаваны — «НН»).

Рада БНР спадзявалася, што ўдасца дасягнуць незалежнасці Беларусі з апорай на ЗША.

Рада БНР спадзявалася, што ўдасца дасягнуць незалежнасці Беларусі з апорай на ЗША.

Таксама Рагуля ў 1953 годзе быў арганізатарам праекта NIGHTWATCH, які прадугледжваў вярбоўку і выкарыстанне ў мэтах разведкі савецкіх маракоў, якія прыбывалі на караблях гандлёвага флоту ў порт Антверпена. У гэтым праекце была задзейнічаная група студэнтаў Лювэнскага ўніверсітэта, якую ўзначальваў супрацоўнік радыё «Вызваленне» Уладзімір Цвірка (да эміграцыі — Вадзім Сурко). Але ў выніку куратары адзначалі, што Рагуля не выконвае інструкцый, ужывае сумнеўныя метады для выканання заданняў, робіць неабачлівыя абяцанні сваім падначаленым, неахвотна дае справаздачы аб сваіх поспехах і вылучаных фінансах. Існавала таксама падазрэнне, што ён разгалошвае дэталі супрацоўніцтва з амерыканскай разведкай.

Адным з агентаў, якія былі звязаныя з Рагулем і ў 1954 годзе рыхтаваліся для выкарыстання за жалезнай заслонай, быў супрацоўнік радыё «Вызваленне» Лявон Карась, якога сябры называлі мянушкай Рыба. З кантэксту дакументаў вынікае, што менавіта ён мог быць тым агентам з крыптанімам AECAMPOSANTO-11, які на самым пачатку падрыхтоўкі выявіў залішнюю абазнанасць у справах супрацоўніцтва Рады БНР з ЦРУ — напрыклад, яму была вядомая дэтальная інфармацыя аб папярэдніх дэсантах, месцы іх высадкі і г.д. Больш за тое, высветлілася, што ў той ці іншай ступені дэталі праекта вядомыя іншым беларускім студэнтам у Бельгіі і нават дзеячам БНР далёка за яе межамі. У сакавіку 1954 Рагуля пісаў кіраўніцтву ЦРУ: «Вы упрекаете, что Рыба знает о местонахождении четырёх. Упрёк на ничём не основан, и это совершенно невероятно, так как об этом не знает даже Президент и никто из моих сотрудников. Рыба будто бы знает, где скрыта отрава [атрута, схаваная ў каўнярах вопраткі дэсантнікаў на выпадак затрымання — НН]. Но я сам об этом ничего не знаю. Я пришёл к единственному возможному заключению, что все эти аргументы подысканы для маскировки действительной опасности, которая, вероятно, угрожает не с нашей стороны».

У верасні таго ж года Лявон Карась быў знойдзены мёртвым у рацэ Ізар каля Мюнхена. Паліцыя праводзіла следства надта нядбайна, і сапраўдныя абставіны ягонай смерці так ніколі і не былі высветленыя. У эмігранцкім асяродку панавала думка, што Карась зрабіўся ахвярай савецкіх агентаў.

Янка Брыль паведамляе

У чаканні вайны з СССР сваё супрацоўніцтва прапанаваў ЦРУ і прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Наведаўшы беларускі асяродак у Кліўлендзе, ён са здзіўленнем даведаўся, што некаторыя маладыя беларусы так жадалі вярнуцца на Бацькаўшчыну, што пайшлі служыць у амерыканскае войска, каб навучыцца скокаць з парашутам, і такіх налічвалася каля дваццаці. Абрамчык прапаноўваў стварыць з ліку такіх добраахвотнікаў беларускую гвардзейскую роту.

Інфармацыю аб антысавецкім руху на Бацькаўшчыне шукалі ў самых нечаканых месцах. Так, на адной з сустрэчаў Абрамчык паведаміў супрацоўніку ЦРУ, што ў СССР выйшла кніга Янкі Брыля «У Забалоцці днее», дзе змяшчаюцца звесткі аб антыкамуністычным падполлі на Наваградчыне. Абрамчык сцвярджаў, што згаданыя ў кнізе асобы могуць быць знаёмыя Барысу Рагулю, які паходзіць з апісаных у творы мясцінаў.

Падчас візіту ў ЗША паэта Пятра Глебкі з дыпламатычнай місіяй разглядалася магчымасць скантактаваць яго з даўнім сябрам з даваенных часоў Антонам Адамовічам, які запэўніваў, што Глебку можна схіліць застацца ў Амерыцы. Увагу ЦРУ прыцягнула і такая вестка: 13 снежня 1956 года газета New York World Telegram and Sun паведамляла, што на баку венгерскіх паўстанцаў у ваколіцах Будапешта змагаюцца беларускія салдаты, якія дэзерціравалі з савецкай арміі. Рабіліся захады па ўсталяванні кантакту з гэтымі асобамі.

Бальшавік — таксама чалавек

Але ў антысавецкім змаганні можна было разлічваць далёка не на ўсіх саюзнікаў. У гутарцы з супрацоўнікамі ЦРУ Мікола Абрамчык, між іншага, няўхвальна адгукаўся аб АУН(б), якая, на ягоную думку, псавала рэпутацыю ўсіх нерасійскіх эмігрантаў з СССР, і імкнуўся падкрэсліць, што Рада БНР не хоча мець з бандэраўцамі нічога супольнага. Зрэшты, як адзначаў ягоны суразмоўца, гэта магло быць выклікана невысокім меркаваннем аб АУН, якое на той час панавала ў амерыканскіх спецслужбах. Абрамчык лічыў, што галіччане з АУН «успрынялі рамантычны аспект польскага нацыяналізму, але не здолелі пераняць польскую вытанчанасць», таму схільныя дзейнічаць неабачліва.

Пасля чарговага візіту ў ЗША Абрамчык наракаў, што ўсе антыкамуністычныя інстытуцыі абсаджаныя русафіламі, якія не даюць развівацца беларускім захадам у гэтай справе. Так, сутыкнуўшыся з меркаваннем, што радыё «Голас Амерыкі» можа вяшчаць на Беларусь па-расійску, Абрамчык настойваў на арганізацыі беларускай секцыі, аргументуючы, што беларуская мова адрозніваецца ад расійскай мацней, чым скандынаўскія мовы міжсобку, а колькасць насельніцтва Беларусі большая, чым усіх балтыйскіх рэспублік разам.

Між іншым, у 1956 годзе Абрамчык прапаноўваў ЦРУ каля 60 кг арыгіналаў дакументаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія ўяўлялі немалую гістарычную каштоўнасць — пры ўмове, што ў будучыні яны будуць перададзеныя беларускаму ўраду, які будзе прызнаны ЗША. Ці былі запатрабаваныя гэтыя дакументы амерыканскай разведкай — невядома.

ЦРУ ніколі не хавала сваёй занепакоенасці, што Рада БНР і кола яе прыхільнікаў могуць быць інфільтраваныя савецкімі агентамі. Тым большую цікавасць выклікала паведамленне аб магчымых сувязях прэзідэнта Міколы Абрамчыка з камуністамі. У 1955 адзін з супрацоўнікаў паведамляў, што ў газеце расійскіх эмігрантаў «Новое русское слово» была апублікаваная інфармацыя, якая кампраметавала Абрамчыка як агента НКВД. Калі яму было прапанавана даць абвяржэнне, Абрамчык нечакана адказаў: «Я не лічу патрэбным рэагаваць на плёткі. Зрэшты, нават калі я і быў бальшавіком, то што ў гэтым крымінальнага?»

«Беларускі паўстанец» на чале польскіх спецслужбаў

Радаслаў Астроўскі

Радаслаў Астроўскі

У 1953 годзе адбылася першая сустрэча Абрамчыка і яго зацятага суперніка і канкурэнта — прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага. Падчас спаткання апошні не хаваў скепсісу што да сваіх аднадумцаў і паплечнікаў і прапаноўваў аб’яднаць прыхільнікаў Рады БНР і БЦР пад супольным кіраўніцтвам. У Радзе БНР у той час таксама наспяваў унутраны крызіс. Пасля правалу Філістовіча і групы Вострыкава ў БССР давер ЦРУ да сяброў Рады БНР аслабеў. Астроўскі не мог не скарыстацца з такой магчымасці. Калі раней БЦР актыўна супрацоўнічала з брытанскімі спецслужбамі, то цяпер яе прыхільнікі імкнуліся зацікавіць ЦРУ. Беларуская цэнтральная рада ў дакументах амерыканскай разведкі згадваецца пад крыптанімам AETOMAC-1, Астроўскі меў мянушку AETOMAC-2.

За супрацоўніцтва з брытанскай разведкай у БЦР адказвала ваенізаваная арганізацыя «Беларускі вызвольны рух» (БВР). Яе кіраўнік Людвіг Галубовіч-Зарэчны нават пагражаў, што расстраляе Абрамчыка і Рагулю за тое, што яны «прадаюць беларусаў амерыканцам». 27 жніўня 1952 года Зарэчны склаў на імя Астроўскага абсалютна фантастычны рапарт, у якім са словаў агента за жалезнай заслонай распавядаецца, нібыта «беларуская антысавецкая партызанка» ў БССР і ПНР спынілася толькі ў 1948, усе яе ўдзельнікі легалізаваліся, многія — у войску ці спецслужбах, а нейкі «генерал Р.» наогул зрабіўся міністрам дзяржбяспекі ПНР (!). Пра Міхала Вітушку адзначана, што ён нібыта з’яўляўся «ў горадзе» двойчы — у 1946 і 1947, далей ягонае месцазнаходжанне невядомае.

З далейшых дакументаў высвятляецца, што высокапастаўлены «сімпатызант беларускіх партызанаў» — гэта нібыта міністр дзяржбяспекі ПНР Станіслаў Радкевіч. Наогул, Зарэчны ў сваёй справаздачы робіць акцэнт на тым, што ўсе «беларускія партызаны» знаходзяцца ў ПНР, куды ўцяклі ад бальшавікоў, чакаючы, што Польшча будзе незалежнай (ці не тут бяруць пачатак гіпотэзы пэўных сучасных аўтараў аб тым, што штаб Вітушкі знаходзіўся пад Варшавай?). Так ці іначай, гэтыя звесткі былі прызнаныя ЦРУ абсалютна неймавернымі.

Заклятыя сябры

У барацьбе з канкурэнтамі ўсе сродкі здаваліся добрымі. У жніўні 1952 агент ЦРУ паведамляў, што з размоў з Абрамчыкам і Рагулем стала вядома аб радыёстанцыі, меркавана размешчанай у Брытаніі, якая ад імя «беларускіх партызанаў з-пад Гродна» агітуе за Астроўскага супраць Рады БНР. Але, нягледзячы на вострае суперніцтва БЦР і Рады БНР, ЦРУ было зацікаўленае ў аб’яднанні беларускіх антысавецкіх сілаў.

Увосень 1952 года Астроўскі прапанаваў амерыканцам распрацаваны БВР план супрацоўніцтва з разведкай ЗША, які прадугледжваў, між іншага, засылку групы разведчыкаў у ПНР і яшчэ дзвюх — у БССР. У ЦРУ ўспрынялі такі праект з энтузіязмам, вырашыўшы прапанаваць сябрам Рады БНР стварэнне адзінай разведвальнай школы для прыхільнікаў абедзвюх палітычных арыентацый беларускай эміграцыі. Адмова з боку Рады БНР азначала б, на думку амерыканцаў, «палітычную катастрофу, бо гэтая група амаль цалкам залежная ад нашай падтрымкі». Барыс Рагуля ў 1954 пісаў: «Г-н Питир упрекнул нас в том, что у нас «больше организаций, чем людей»… Позвольте обратить ваше внимание на то, что, несмотря на все разницы внешних форм и методов работы этих организаций, они все стремятся к одной и той же цели. Полного же единомыслия можно требовать только в тоталитарных системах, против которых мы боремся».

Аднак супярэчнасці між канкурэнтамі былі занадта моцнымі, а неўзабаве ў ЦРУ высветлілі, што і Радаслаў Астроўскі ў мінулым быў цесна звязаны з камуністамі ў Заходняй Беларусі. На тле правалу ў БССР місіі дэсантнікаў Рады БНР у 1952—1954 гг. ЦРУ палічыла немэтазгодным далейшае супрацоўніцтва з беларусамі з абодвух палітычных лагераў.

Барыс Рагуля ў сваім лісце да кіраўніцтва ЦРУ ў 1954 годзе пісаў: «Вы ошибаетесь, если думаете, что в случае прекращения вашей помощи белорусская эмиграция не будет продолжать своей работы. Даже в случае прекращения нашего сотрудничества (хотя это и немыслимо в связи с людьми, находящимися там), раз начатое дело не будет прекращено. Наша борьба за освобождение Белоруссии датируется ни от 45-го, ни, тем более, от 51-го года. Наши усилия в продолжении контакта с Б[елоруссией] не прекратятся, независимо от положения, в которое нас могут поставить».

(Працяг будзе.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?