Reuters / Scanpix / LETA

Reuters / Scanpix / LETA

28 лютага Bloomberg апублікаваў відэазапіс з салона аўтамабіля, які працуе ў сістэме таксі Uber Black. На заднім сядзенні знаходзіўся заснавальнік і кіраўнік Uber Трэвіс Каланік і дзве дзяўчыны. Калі паездка падыходзіла да канца, кіроўца паскардзіўся Каланіку на дрэнныя ўмовы працы. У адказ ён пачуў, што некаторыя людзі «не любяць браць адказнасць за ўласнае дзярмо» і абвінавачваюць іншых у няўдачах. Пасля публікацыі роліка Каланік прызнаўся, што паводзіў сябе непрыстойна, і прынёс прабачэнні. «Медуза» распавядае, з-за чаго пасварыліся кіроўца і кіраўнік Uber.

У нядзелю, 5 лютага, кіраўнік Uber Трэвіс Каланік выклікаў сэрвіс Uber Black пасля заканчэння Супербоўла. Топ-менеджара суправаджалі дзве дзяўчыны, з якімі ён вёў нязмушаную размову. «Я раблю так, каб кожны год у мяне быў складаным. Так я жыву. Калі год лёгкі, значыць, я недастаткова добра працую», — выхваляўся Каланік на запісе, які выданню Bloomberg перадаў кіроўца таксі, 37-гадовы Фаўзі Камел.

Калі машына прыехала на месца прызначэння, дзяўчаты выйшлі, а Камел паціснуў Каланіку руку і звярнуўся да яго. Стваральнік Uber хацеў падбадзёрыць кіроўцу і сказаў, што кампанія скарачае колькасць машын Uber Black і Камелу будзе прасцей канкурыраваць за замовы, на што кіроўца адказаў: «А вы падымаеце стандарты абслугоўвання, але зніжаеце кошты».

Яго словы — галоўная прэтэнзія ўсіх кіроўцаў, якія працуюць з Uber і цалкам падпарадкаваныя цэнавай палітыцы сэрвісу. Далей размова ішла наступным чынам:

— Нам неабходна [зніжаць кошты], у нас ёсць канкурэнты, інакш мы б згалелі.

— Канкурэнты? Мужык, у тваіх руках цэлая бізнэс-мадэль, ты можаш ставіць любыя кошты, але замест гэтага даеш усім па бясплатнай паездцы.

— Не-не, ты не зразумеў мяне. Мы пачалі ў топавым сегменце. Мы не пайшлі на масавы рынак не таму, што хацелі гэтага, а таму, што інакш нас выбілі б з рынку.

— Што? Lyft? Але гэта ж не праблема.

— Гэта не праблема толькі таму, што я перамог іх. Калі б я не зрабіў таго, што я зрабіў, нас бы сапраўды перамаглі.

— Але людзі не вераць табе больш. Я страціў 97 тысяч даляраў праз цябе. Я банкрут праз цябе. Так-так-так. Ты змяняеш [умовы работы] кожны дзень. Кожны дзень.

— Пачакай секунду, што я памяняў у Uber Black?

— Ты памяняў увесь бізнэс, ты знізіў кошты.

— На Uber Black?

— Так.

— Лухта сабачая.

<…>

— Усё пачалося з 20 даляраў. Колькі цяпер каштуе адна міля, 2,75 даляра?

— Ведаеш што? Некаторыя людзі проста не любяць браць адказнасць за сваё ўласнае дзярмо. Яны вінавацяць іншых у тым, што адбываецца ў іх жыцці. Поспехаў!

— Поспехаў і табе, але я ведаю, што поспех табе не свеціць.

Пасля паездкі Фаўзі Камел ацаніў свайго пасажыра ў адзін бал. Якую ацэнку яму паставіў Каланік, невядома.

У той жа дзень, калі агенцтва Bloomberg апублікавала відэа сваркі Каланіка з кіроўцам, кіраўнік Uber напісаў адкрыты ліст да ўсіх супрацоўнікаў кампаніі. «Сказаць, што мне сорамна, — нічога не сказаць. Мая праца як лідара — весці вас і ў першую чаргу дзейнічаць так, каб мы ўсе гэтым ганарыліся. Я сябе паводзіў зусім не так, і гэтаму няма ніякага апраўдання», — гаворыцца ў лісце Каланіка. 40-гадовы заснавальнік Uber таксама прызнаўся, што яму трэба «пасталець» і што яму патрэбна дапамога з лідарскімі якасцямі. І прынёс прабачэнні Фаўзі Камелу і ўсім кіроўцам Uber.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0