Еўракамісія падрыхтавала і апублікавала ад асобы прэзідэнта Жан-Клода Юнкера даклад з пяццю магчымымі сцэнарамі развіцця ЕС пасля выхаду з саюза Вялікабрытаніі. Даследаванне ацэньвае перспектывы аб'яднання да 2025 года з улікам таго ці іншага палітычнага курсу, які абярэ Брусель пасля завяршэння працэсу Brexit.

Першы сцэнар заключаецца ў тым, што палітыка кіраўніцтва ЕС наогул не зменіцца: Брусель працягне праводзіць у жыццё зацверджаныя за апошнія тры гады рэформы, канцэнтруючыся на развіцці эканомікі, рынку працы, прыцягненні інвестыцый. Аднак краіны-сябры ЕС захаваюць значную аўтаномію ў пытаннях бяспекі і дыпламатыі, а адзінства паміж імі па-ранейшаму можа аказацца пад пагрозай у выпадку палітычных крызісаў.

Другі сцэнар апісвае скарачэнне ролі ЕС да чыста эканамічнага саюза, па сутнасці, агульнага рынку. Забеспячэнне функцыянавання такога рынку стане адзіным клопатам брусельскай бюракратыі. На думку Юнкера, гэта верне сітуацыю, пры якой краіны Еўропы будуць вырашаць пытанні на двухбаковай аснове, што скарачае магчымасць якіх-небудзь калектыўных адказаў на знешнія выклікі.

Трэці сцэнар з'яўляецца найбольш кампрамісным: даць краінам самім вырашаць, ісці ці не на больш глыбокую інтэграцыю. З аднаго боку, гэта можа прывесці да прагрэсу ўсяго ЕС у сферах бяспекі, фінансаў і сацыяльнай палітыкі, але з іншага робіць еўрапейскіх грамадзян загадзя няроўнымі ў правах — гэта залежыць ад таго, ці пагадзіўся іх урад на далейшую інтэграцыю або не.

Чацвёрты сцэнар гучыць як «рабіць менш, але з большай эфектыўнасцю». Юнкер прапануе вызначыцца з некалькімі сферамі эканомікі і палітыкі, дзе Брусель будзе праяўляць найбольшую актыўнасць і рашучасць. Напрыклад, гаворка ідзе аб развіцці «зялёнай» энергетыкі, тэхналогій і лічбавай эканомікі. Кажучы пра мінусы, Юнкер асцерагаецца, што 27 краін ЕС не змогуць прыйсці да кампрамісу аб тым, якія галіны зрабіць прыярытэтнымі.

Нарэшце, найбольш аптымістычны для Еўракамісіі сцэнар — «рабіць разам яшчэ больш». Гэта азначае яшчэ большую інтэграцыю еўрапейскіх краін у спалучэнні з павышэннем эфектыўнасці і хуткадзейнасці брусельскай бюракратыі. ЕС будзе выступаць як адзіны гулец у сусветнай эканоміцы і палітыцы, аднак галоўны мінус, па словах Юнкера, у тым, што «прыкметная частка грамадства будзе адмаўляць ЕС у легітымнасці», мяркуючы, што Брусель адбірае ўладу ў нацыянальных уладаў.

Даклад Еўракамісіі выпушчаны напярэдадні 60-гадовага юбілею Рымскага дагавора, які заклаў асновы ЕС, што будзе адзначацца 25 сакавіка. У той жа час, урад Вялікабрытаніі плануе да 31 сакавіка пачаць перамовы з Бруселем аб выхадзе краіны з Еўрасаюза. Паводле Лісабонскай дамовы, перамовы павінны ісці не больш за два гады — так што да вясны 2019 года Брытанія павінна выйсці з саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0