Праект Clima East у Беларусі абвясціў аб значных дасягненнях у справе абароны біяразнастайнасці Спораўскіх балот — унікальнага прыроднага аб'екта Беларусі, паведамляе euneighbours.eu.

Clima East

У рамках праграмы Clima East біялагічны заказнік «Спораўскі» атрымаў абсталяванне для збору і перавозкі біямасы, у тым ліку трактар, лясны мульчар, грузавы прычэп, драбнілку і іншае абсталяванне для ўборкі.

Дзякуючы абсталяванню, якое было закуплена ў рамках праекта, у 2016 годзе тарфянікі былі ачышчаныя ад залішняй расліннасці. Адзначым, што калі не выкошваць трыснёг і хмызнякі, то праз 5-7 гадоў балотны масіў пакрыецца зараснікамі вышынёй у чалавечы рост і перастане выконваць уласцівыя яму функцыі. 

Маніторынг жывёльнага свету ў 2016 годзе адзначыў станоўчы ўплыў, які дадзены комплекс мерапрыемстваў аказаў на прыроду — у прыватнасці, павялічылася колькасць відаў птушак. А нарыхтаваная ў выніку ачысткі балот біямаса была прададзеная прадпрыемствам, зацікаўленым у экалагічных энергетычных рэсурсах.

Біялагічны заказнік «Спораўскі» з'яўляецца адной з пілотных тэрыторый праекта ЕС/ПРААН «Clima East: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Беларусі для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату».

Мэтамі праекта ў цэлым з'яўляюцца садзейнічанне скарачэнню выкідаў парніковых газаў і фармаванні сучасных падыходаў у галіне кліматычнай палітыкі ў краінах-партнёрах, а таксама наладжванне дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і ўдзельнікамі праекта, умацаванне рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?