Вышэйшы апеляцыйны суд у Егіпце апраўдаў былога прэзідэнта краіны Хосні Мубарака па справе аб забойстве дэманстрантаў падчас масавых акцый пратэсту супраць яго праўлення ў 2011 годзе, паведамляе ВВС.

Слуханні па справе доўжыліся ўвесь чацвер. У выніку суддзя прыйшоў да высновы, што былы прэзідэнт, першапачаткова прысуджаны да пажыццёвага зняволення, невінаваты у інкрымінаваных яму дзеяннях.

Таксама суд адхіліў хадайніцтва сваякоў загінулых падчас дэманстрацый, якія прасілі аднавіць справу па грамадзянскіх пазовах, якія былі пададзеныя імі да Мубарака.

Мубарак апошнія некалькі гадоў знаходзіўся ў вайсковым шпіталі ў сувязі з дрэнным станам здароўя. Тым не менш, на гэтым працэсе ён прысутнічаў асабіста — яго даставілі ў суд на верталёце.

Мубарак у 2012 годзе атрымаў пажыццёвы тэрмін, бо суд прызнаў яго адказным за расстрэл мірных дэманстрантаў вайскоўцамі ў 2011 годзе. Аднак былы прэзідэнт абскардзіў прысуд, і ў 2014 годзе яго скаргу задаволілі.

У выніку прысуд быў адменены, але гэта не задаволіла ўжо бок дзяржабвінавачання. Пракуратура падала ў вышэйшы суд скаргу, якая і разглядалася ў чацвер. Рашэнне суда адхіліць яе — канчатковае і не падлягае абскарджанню.

Мубарак займаў пасаду прэзідэнта Егіпта з 1981 па 2011 гады. Ён вымушаны быў сысці ў адстаўку на фоне масавых акцый пратэсту ў краіне, якія пачаліся зімой 2011 года. Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі прэзідэнта і эканамічных рэформаў у краіне.

Пасля адстаўкі Мубарака і ўрада да ўлады прыйшоў часовы ўрад. У 2012 годзе прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог кандыдат ад «Братоў-мусульман» Махамед Мурсі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?