Сёння Аляксандр Лукашэнка звольніў свайго памочніка па Мінску Аляксандра Якабсона. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра адстаўнога чыноўніка.

Карэнны гамяльчук

Якабсону 65 гадоў, ён нарадзіўся ў Гомелі. Кажуць, што ў добрым гуморы нават мог расказаць пра жыццё на роднай вуліцы Лазневая Алея (цяпер ужо проста Лазневая). Потым вучыўся ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Своеасаблівая кузня кадраў — адтуль выйшлі былы прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, былы старшыня КДБ Леанід Ерын, міністр транспарту Анатоль Сівак. Адразу па сканчэнні ВНУ Якабсон накіраваўся на будаўніцтва Кандалакшскага марскога гандлёвага порту ў савецкае Запаляр’е (Мурманская вобласць).

Ён некалькі разоў прызнаваў, што як гарадскі жыхар не заўсёды разумеў спецыфіку працы на вёсцы і сутыкаўся з сельскагаспадарчай прадукцыяй толькі на ўзроўні гатовага тавару. Таму перш-наперш на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкама ён занурыўся ў вывучэнне сельскай гаспадаркі.

Кіраўнік «СНІДагорска»

Так у пачатку 1990-х часта называлі горад Светлагорск. Аляксандр Якабсон на працягу 11 гадоў узначальваў мясцовы гарвыканкам (1986—1996). «Гэты час я ўспамінаю з асаблівым трапятаннем. Там адбывалася маё сталенне, гэтыя гады я лічу найлепшымі ў сваім жыцці», — узгадваў Аляксандр Серафімавіч.

Малады горад Светлагорск, якому на той час не было і трыццаці гадоў (раней на гэтым месцы была вёска Шацілкі) стаў цэнтрам беларускай наркаманіі. У горадзе дзейнічалі хімічны завод, электрастанцыя, кардонны камбінат. Амаль не было прыватнага сектара. Людзі прыязджалі з розных канцоў СССР. Лічбы 1996 года казалі, што ў Светлагорску жыло амаль 800 ВІЧ-інфікаваных.

Якабсон, натуральна, спрабаваў разганяць мясцовыя прытоны, але не заўсёды ўдавалася. Дарэчы, у намесніках Якабсона ў Светлагорску быў Уладзімір Патупчык, які цяпер займае пасаду міністра энергетыкі.

Наступнік Вайцянкова

У 2001 годзе Аляксандр Якабсон узначаліў Гомельскі аблвыканкам. Узначаліў пасля любімага ў народзе кіраўніка Мікалая Вайцянкова. Таго самага Вайцянкова, які не проста не падтрымаў Лукашэнку на выбарах 1994 года, але і нават адмовіўся сустрэцца з такім кандыдатам у прэзідэнты. Пасля Чарнобыля Вайцянкоў быў сярод тых, хто рабіў усё, каб абараняць людзей ад дурных загадаў з Масквы і Мінска. Тысячы людзей яму за гэта асабіста ўдзячныя.

Таму Якабсону было няпроста заставацца на ўзроўні папярэдніка. Кажуць, што ў працоўным кабінеце Якабсона доўгі час быў толькі стол і шафа. Толькі ў апошні год кіравання кабінет значна павялічылі, усталявалі душавую кабінку, новую мэблю. «Мае самапавагу і сваю пазіцыю, зразумела, у рамках сістэмы», — кажуць пра яго гамельчукі.

Збольшага водгукі пра Якабсона як пра звычайнага выканаўцу, а не пра творчага работніка. Некалькі разоў ён пазбягаў сустрэчаў з еўрапейскім інвестарамі, абы чаго не выйшла. Сам Гомель Якабсон зрабіў дагледжаным, а вось па вобласці (асабліва ў заражаных радыяцыяй раёнах) заставаліся пытанні.

Пострах чыноўнікаў

Амаль чатыры гады Аляксандр Якабсон працаваў на пасадзе старшыні КДК. З гэтай пасады ён мог наводзіць страх на сотні арганізацый і установаў краіны. Не дай Бог дашлюць праверку!

Калі Лукашэнка прамаўляў «іменем рэвалюцыі», то наступная фраза найчасцей накіроўвалася да Якабсона, каб ягонае ведамства разабралася з парушэннямі, безгаспадарлівасцю і неахайнасцю. У рабочых паездках кіраўніка дзяржавы Якабсон заўсёды быў дзесьці па правую ці левую руку.

Зрэшты, не заўсёды быў у фаворы. Па выніках працы па мадэрнізацыі «Барысаўдрэва» Якабсон атрымаў строгую вымову. Зрэшты, іншыя страцілі пасады і нават волю.

Часам Якабсон выступаў у ролі рэфарматара. Напрыклад, прапаноўваў перавесці Мінскі аблвыканкам у Заслаўе, а абітурыентам прапаноўваў здаваць чатыры экзамены замест трох цяперашніх. А вось падчас валютнага крызісу 2011 года не знайшоўся сказаць нічога іншага, апроч: «Тут трэба штосьці рабіць».

Сын у «Беларуснафце»

У 2014 годзе ў Аляксандра Якабсона памерла жонка, Галіна Калатухіна.

Сын Аляксандра Серафімавіча Тарас Якабсон займае пасаду дырэктара «Беларуснафта-Нафтахімпраект», раней ён узначальваў Мінскае абласное аддзяленне кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?