У барысаўскім судзе шукалі бомбу, у Менску «мініравалі» «Журавінку». Тым часам, у сталічных бальніцах застаюцца 12 пацярпелых ад выбуху 4 ліпеня.
У пятніцу 25 ліпеня нейкі жыхар Барысава паведаміў у міліцыю, што ў раёне раённага суду быў знойдзены падазроны плястыкавы пакет. На месца, дзе была знойдзена «выбухоўка» была выкліканая рота сапёраў, выстаўлена ачапленьне, а таксама адбылася эвакуацыя грамадзян, што знаходзіліся побач.
Зрэшты, ніякага тратылу сапёры не знайшлі. Як потым высьветлілася, пакет пакінуў мясцовыя п’янчуга, паведамляе «Борисов электронный».
А ў Менску міліцыя завяла крымінальную справу на жанчыну, якая ў суботу паведаміла пра мініраваньне забаўляльнага комплексу «Журавінка». 36-гадовая мянчучка была затрыманая празь пяць хвілін пасьля тэлефанаваньня.
Тым часам, як паведамляе БелаПАН, у сталічных бальніцах застаюцца 12 пацярпелых пры выбуху ў Менску 4 ліпеня. Адзін з пацярпелых па-ранейшаму знаходзіцца ў цяжкім стане, у яго шматлікія траўмы, ва ўсіх астатніх — стан нармальны.
Большасьць пацярпелых — шэсьць чалавек — праходзяць лячэньне ў 6-й гарадзкой клінічнай бальніцы сталіцы, два — у бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі, па адным — у 4-й гарадзкой бальніцы, Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалёгіі і артапэдыі, у 2-й гарадзкой бальніцы, 432-м Галоўным ваенным клінічным мэдыцынскім цэнтры.