«У Ірландыі мясцовыя ўлады выявілі невядомае да нядаўняга часу масавае пахаванне дзяцей на тэрыторыі былога каталіцкага прытулку ў ваколіцах горада Туам, графства Голуэй (Tuam, Galway)», — напісала «Наша Ніва» са спасылкай на The Guardian.

Паведамленне сапраўды шырока разляцелася па свеце, аднак мае крыніцу трохгадовай даўніны: яшчэ летам 2014 года СМІ (у тым ліку каталіцкія) паведамілі, што на тэрыторыі ўстановы, якая існавала з 1925 па 1961 год, паміралі дзеці і амаль усе з іх былі пахаваныя ў агульных магілах. Пра гэты і аналагічныя выпадкі пісалі (матэрыялы можна пачытаць па спасылцы тут і тут). 

Але ўсё яшчэ цікавей — гэтая статыстыка смяротнасці ніколі не была сакрэтнай, бо прытулак атрымліваў дапамогу ад дзяржавы і рэгулярна паведамляў пра ўсё мясцовым уладам.

Менавіта працуючы з дакументамі ў мясцовым архіве, гісторык-краязнаўца Кэтрын Корлес падлічыла колькасць дзяцей, якія памерлі ад хваробаў у прытулку за 36 год — 796. Большасць дзяцей памерла ва ўзросце да 1 года.

Чым жа займаўся каталіцкі прытулак? У яго па дапамогу звярталіся цяжарныя незамужнія жанчыны, якія баяліся асуджэння з боку бацькоў і грамадства за дашлюбнае дзіця. Звычайна яны нараджалі і сыходзілі, а дзеці заставаліся на гадаванне манахіням, якія паступова шукалі малым новыя сем'і.

Ці адрозніваецца смяротнасць у каталіцкім прытулку ў першай палове 20 стагоддзя ад агульнай у беднай тады Ірландыі, якая толькі што перажыла вайну за незалежнасць, а потым і грамадзянскую вайну?

Сапраўды адрознівалася. Кожнае трэцяе народжанае жывым «незаконнае» дзіця ў Ірландыі ў тыя часы памірала ў першы год жыцця, сведчыць афіцыйны Registrar-General for Births, Deaths, and Marriages. Гэта прыкладна ў шэсць разоў вышэй, чым у «законных» дзяцей.

У 1936 годзе па ўсёй Ірландыі, напрыклад, на 1000 нараджэнняў прыходзілася 305 смерцяў немаўлятяў, народжаных па-за шлюбам, і 66 смерцяў у дзяцей, народжаных у шлюбе.

У тым жа 1936 годзе ў каталіцкім прытулку ў Туаме было каля 140 дзяцей. За гэты год у прытулку памерлі 46 дзяцей — і гэта самая вялікая колькасць памерлых у прытулку з 1925 па 1942 год.

Аднак на самай справе атрымліваецца, што дзіцячая смяротнасць у прытулку нават у такі анамальны па смяротнасці год прыкладна адпавядае агульнанацыянальнаму сярэдняму ўзроўню.

Возьмем 1947 год, калі ў прытулку памерла 52 дзіцяці — і гэта сумны «рэкорд» за ўсю гісторыю ўстановы. Але ў гэты год у адносна невялікім будынку жылі амаль 270 дзяцей. І гэта меней, чым сярэдні агульнанацыяльны ўзровень смяротнасці незаконных дзяцей у Ірландыі за гэты год — 220 на тысячу (статыстыка і графікі). 

І гэта яшчэ не ўлічваючы таго факту, што прытулак дакладна паведамляў дзяржаве пра смерці дзяцей, а вось прыватныя асобы і дактары часта ўхіляліся ад гэтага, каб зноў жа схаваць жанчын ад «ганьбы». Такім чынам, агульнанацыянальны ўзровень смяротнасці «незаконных» немаўлятаў вышэйшы, чым у каталіцкім прытулку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?