У Беларусі завяршылася падача заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. У акруговыя выбаркамы паступіла 448 адпаведных заявак. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Акрамя таго, з'явяцца вылучэнцы ад палітычных партый і працоўных калектываў.

У Беларусі налічваецца 110 акруг. Пакуль сярэдні конкурс па краіне складае больш як чатыры заявы на адну акругу ад жадаючых вылучацца шляхам збору подпісаў.

Сакратар Цэнтрвыбаркама канстатаваў, што 114 заяў паступіла ад членаў палітычных партый і 334 - ад беспартыйных. У ліку партый, якія маюць намер вылучаць сваіх прадстаўнікоў у парламент шляхам збору подпісаў грамадзян, - Аграрная (1 заява), Беларуская сацыял-дэмакратычная (Грамада) (18), Кампартыя Беларусі (18), Ліберальна-дэмакратычная (1), Аб'яднаная грамадзянская партыя (29), Партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" (6), БНФ (22), Партыя камуністаў Беларуская (18), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (1).

Мікалай Лазавік дадаў, што акруговыя выбарчыя камісіі рэгіструюць ініцыятыўныя групы на працягу 5 дзён з моманту падачы заяў. Прыём адпаведных дакументаў прадаўжаўся з 14 па 24 ліпеня. Таму некаторыя групы ўжо зарэгістраваны і пачалі збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку сваіх вылучэнцаў.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?