Каля ста чалавек не спалохаліся сьпёкі ды прыехалі ў нядзелю ў Ракуцёўшчыну, што ў Маладзечанскім раёне, на традыцыйнае сьвята песьні і паэзіі, прысьвечанае творчасьці Максіма Багдановіча.

Настрой перад Ракуцёўскім фэстывалем задалі маладзёны, што па дарозе ў электрычцы пад гармонік і бубен прасьпявалі беларускую песьню. Нездарма абазнаныя людзі кажуць, што маладзечанскі накірунак карыстаецца попытам ў вагонных выканаўцаў менавіта беларускага рэпэртуару — на свае вочы бачыў, як ахвотна людзі напаўнялі бубен грашыма.

Мястэчка Краснае сустрэла касьцёлам з вострым шпілем, што глядзеў у пахмурнае неба. Дарога да Ракуцёўшчыны апынулася на кілямэтар карацейшай, чым абяцала мапа. Па дарозе нас абагнаў аўтобус Міністэрства культуры з гасьцямі фэстывалю. На падыходзе да памятнага каменю з шыльдай у гонар Максіма Багдановіча мы нагналі мужчыну ў строгім касьцюме з дыпляматам і паходным заплечнікам. Пад’ехаў дзядзька на старэнькім ровары, стаў трохі ў баку. Каля каменя ўжо фатаграфаваліся ўдзельнікі і госьці сёлетняга «Ракуцёўскага лета».

Тут былі літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» Генадзь Пашкоў, паэт Віктар Шніп, паэтка Віка Трэнас, барды Тацяна Беланогая, Натальля Пушкарова, паэт і бард Серж Мінскевіч, кіраўнічка патрыятычнага клюбу «Спадчына» зь мястэчка Дварэц, што на Гарадзеншчыне, Натальля Ляўкевіч са сваімі выхаванцамі.

Былі таксама госьці з‑за мяжы: Станіслаў Валодзька — старшыня згуртаваньня беларусаў латыскага гораду Даўгаўпілсу, Ніна Дзябольская з Масквы, чый дзядзька, Тэадор Дзябольскi, пакiнуў цiкавыя ўспамiны пра Максiма Багдановiча.

Зь Севастопалю прыехала намесьніца старшыні Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Беларусь» Людміла Малько з унукам. З Санкт‑Пецярбургу — унучатая пляменьнiца Антона Луцкевiча Маргарыта Пярова, якая паходзіць з роду Лычкоўскіх, у доме якіх у Ракуцёўшчыне жыў паэт. Удзельнікі мінулых сустрэчаў віталіся са старымі знаёмымі, дзяліліся новымі вершамі.

Наступным пунктам сьвяточнай праграмы было наведваньне фальварку, дзе ў 1911 годзе на запрашэньне братоў Луцкевічаў жыў Максім Багдановіч і дзе былі напісаныя сэрыя вершаў «Старая Беларусь» ды паэма «Вераніка». Па дарозе на гасьцей фэстывалю сустракалі цікаўныя бабулі. Адна зь іх напалохала непаслухмянага ўнука: ня будзеш слухацца бабу, дзядзькі забяруць з сабой. Другая бабця прысароміла суседку: не палохай дзядзькамі, яны харошыя — на фесьціваль прыехалі. На падворку фальварку людзі пабіліся на групы — нехта зазірнуў у цень пуні, частка пайшла ў невялікую хаціну — дамок арандатара, як сьведчыць інфармацыя на шыльдзе (тут і жыў паэт), а частка пайшла ў хату паболей — сядзібу Лычкоўскіх.

Побач з фальваркам дзяжурыць пажарная машына. Неабходнасьць яе прысутнасьці тут яскрава падкрэсьлівае пажарышча на тэрыторыі фальварку. У 2001 годзе у выніку пажару згарэлі амаль усе гаспадарчыя прыбудовы, пазнаць іх сёньня можна па камянях падмуркаў. Цяпер музэйныя памяшканьні абсталяваныя сучаснай супрацьпажарнай сыстэмай.

Агледзеўшы фальварак госьці фэстывалю рушылі да крынічкі, дзе меў адбыцца канцэрт і літаратурныя чытаньні. На выхадзе з падворку чакала пара міліцыянтаў. Яны ветліва прасілі падрыхтаваць да надгляду асабістыя рэчы, асабліва цікавіліся сьпіртнымі напоямі. Тое, што зьвярталіся міліцыянты да ўсіх на чысьцюткай беларускай мове, нікога не дзівіла. Па дарозе да крынічкі людзі спыняліся ля аднаго з падворкаў. Увагу прыцягвала аздабленьне двара — прыгожы газон з кветкамі, маленечкае азярцо з буслом, казачным гномам і вялізнымі жабамі па берагах.

«Умеюць жа людзі прыгожа зрабіць, каб было дзе адпачываць» — выказвалі госьці гаспадарам двара сваё захапленьне. Тыя ў адказ запрашалі прыяжджаць у Ракуцёўшчыну часьцей.

Каля крынічкі ўжо забралася багата людзей. На сцэне ішлі апошнія падрыхтаваньні. Каля крамак з сувэнірамі, салодкай ватай, марозівам і шашлыкамі пачалі зьбірацца невялікія чэргі. Першымі на сцэну выйшлі госьці з‑за мяжы, якія прывіталі гасьцей фэстывалю. Вядучыя сьвята паэты Аксана Спрынчан і Зьміцер Арцюх відавочна ацанілі колькасную перавагу маладой аўдыторыі і таму, мабыць, неаднакроць зьвярталіся да тэмы эрасу ў творчасьці Багдановіча. На сцэне паэтаў зьмянялі барды, свае вершы прачыталі дзяўчаткі з патрыятычнага клюбу «Спадчына». Словы зь вершу пра бел‑чырвона‑белы сьвітанак былі сустрэтыя воплескамі.

Мясцовыя, што прыйшлі да крынічкі цэлымі сем’ямі, назіралі за такой рэакцыяй зь цікавасьцю. Сваіх сяброў дэлегаваў на сцэну клюб паэтаў і кампазытараў «Жывіца», што яднае самадзейныя калектывы і асобных творцаў з усёй Менскай вобласьці. Са сцэны колькі разоў прагучала падзяка людзям за тое, што дзеля паэзіі трывалі такую сьпёку, а таксама запрашэньне наведаць Ракуцёўшчыну на наступнае лета.

Вяртаючыся на станцыю, цяжка было адарваць вочы ад тутэйшых краявідаў, якія сапраўды здольныя натхняць. Калі не пісаць самому, то чытаць і слухаць вершы іншых. На вакзале палова падарожнікаў размаўляла па‑беларуску, таму ў вагоне цягніка апошні нумар «НН» у кагосьці у руках выглядаў як належнае.

rakuciouscyna-sp08_080728 (56K)
Фота на памяць. Удзельнікі і госьці «Ракуцёўскага лета - 2008»
rakuciouscyna-sp07_080728 (76K)
Сёлета на сьвяце дамінавала маладое пакаленьне
rakuciouscyna-sp06_080728 (73K)
Ракуцёўскі фальварак Лычкоўскіх
rakuciouscyna-sp05_080728 (68K)
У гэтым дамку Максаім Багдановіч напісаў «Вэнэру»
rakuciouscyna-sp04_080728 (54K)
Да крынічкі
rakuciouscyna-sp03_080728 (76K)
Вядучыя канцэрту Зьміцер Арцюх і Аксана Спрынчан
rakuciouscyna-sp02_080728 (83K)
Мясцовыя жыхары прыйшлі на сьвята паэзіі цэлымі сем’ямі
rakuciouscyna-sp01_080728 (84K)
Маладое пакаленьне паэтаў — Віка Трэнас

Сямён Печанко, фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0