Аляксей Знаткевіч перастварае на беларускую культавы раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі». Пачатак перакладу зьявіўся ў віртуальным літаратурным часопісе «Літраж».
У свой час Знаткевіч надрукаваў у часопісе ARCHE пераклады з Ірвіна Ўэлша, Ніка Кейва, Крыса Братэна, Мілана Кундэры. Летась пераклаў тры апавяданьні Рэйманда Карвэра, напрыклад «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне», на замову Паўла Касьцюкевіча. Павал падрыхтаваў і выдаў па-беларуску кнігу Этгара Керэта, а цяпер хоча тое ж зрабіць з Карвэрам.
Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаецца ён, перакладаючы Кена Кізі? «Напрыклад, доўга з рэдактаркай (Марыя Мартысевіч — Рэд.) вырашалі, што рабіць з эпіграфам, каб захаваць і лад дзіцячай лічылкі, і назву, а мо нават яшчэ нешта з арыгіналу».
Хто больш падабаецца перакладчыку — Макмёрфі ці Бромдэн, запыталіся мы. «Макмёрфі, — каж Аляксей. — Чалавек, які зрабіўся героем, каб ня здрадзіць надзеям тых, хто яму паверыў. Гэткі амэрыканскі Юрась Братчык».
«Палёт над гняздом зязюлі» (1962) — першы раман амэрыканскага контракультурнага аўтара Кена Кізі, які прынёс яму славу пісьменьніка.
Дзеяньне раману адбываецца ў псыхіятрычнай лякарні. Аповед вядзецца ад імя індзейца Бромдэна, аднаго з пацыентаў, які выдае сябе за глуханямога.
Галоўны герой раману — весялун Макмёрфі, якога пераводзяць у лякарню з турмы. Насамрэч ён сымулянт, які хоча схавацца ад турэмных цяжкасьцяў у больш мягкіх, на ягоную думку, умовах.
Нечакана для сябе, Макмёрфі знаходзіць у лякарні новых сяброў — і, замест таго, каб біць лынды, уступае дзеля іх у процістаяньне з уладамі. Ахвяруючы сабой, Макмёрфі дорыць пацыентам свабоду — каму ўнутраную, каму фактычную.
Першая публікацыя раману выклікала спрэчкі ў амэрыканскім грамадзтве: аўтар сьмела, як на той час, зьвяртаўся да тэмы сэксу. Цяпер «Палёт над гняздом зязюлі» — прызнаная клясыка амэрыканскай літаратуры ХХ стагодзьдзя.
Кніга была экранізаваная рэжысёрам Мілашам Форманам, а аднайменны фільм атрымаў шэраг Оскараў.