Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця краіны. Нагадаем, што кіраўнік краіны заявіў, што дэкрэт №3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» адмяняць не стануць, але на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор.

«Сумленных людзей не трэба было чапаць наогул. Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. і тыя, хто сёння па 200-500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды.

Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы ні з таго ні з гэтага паслалі гэтыя паведамленні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта №3. «Спісы павінны быць вывераныя. Прыцягнуць трэба ўсіх — дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы — усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы.

Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску. А Адміністрацыя прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць ў рамках дэкрэта №3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы.

«Хто аплаціў ў 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

«У 2016 годзе пэўную колькасць (гэта тысячы людзей), не аспрэчваючы, унеслі плацяжы. Сёння я здымаю патрабаванне, каб усе, каго мы вызначылі за першы квартал, плацілі гэтыя грошы. Не будзем за 2016 год спаганяць гэтыя грошы з тых, хто павінен плаціць. А тыя, хто заплаціў, тыя ў 2017-м не будуць плаціць. Калі яны будуць працаваць у 2017 годзе, мы павінны па іх патрабаванні вярнуць гэтыя грошы», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0