У Гродне ў кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» пабачыла свет кніга даследчыка Аляксандра Радзюка «Пад скіпетрам Расейскай імперыі: рэпрэсіўная палітыка царызму на землях Беларусі ў канцы 18 — першай палове 19 ст.»

Аўтар прасачыў эвалюцыю рэпрэсіўнай палітыкі, якую вяла расійская ўлада супраць жыхароў Беларусі і Літвы, вызначыў адметнасці гэтай палітыкі, а таксама яе наступствы.

Рэпрэсіі адыгрывалі істотную ролю ў сістэме мерапрыемстваў дзяржаўнага характару, якія ўжывала Расія ў дачыненні да беларуска-літоўскага рэгіёну ў канцы XVIII-першай палове ХІХ ст. Пачынаючы з самых сваіх першых распараджэнняў па акупацыі беларускіх земляў Расейскай імперыяй, новыя ўлады далі зразумець, што любыя праявы незадаволенасці ці непадпарадкавання будуць жорстка пакараныя. І ў далейшым, на працягу ўсяго ХІХ ст. рэпрэсіўны складнік з’яўляўся важным элементам імперскай палітыкі. Пры гэтым, царскія ўлады актыўна карысталіся метадамі і сродкамі, якія пры іншых абставінах імі не ўжываліся. Аналіз зместу, метадаў і мэтаў санкт-пецярбургскага двара выяўляе пэўныя аналогіі з той палітыкай, якую праводзілі буйныя дзяржавы-метраполіі ў дачыненні да сваіх калоній. Адпаведным было і стаўленне імперскіх уладаў да мясцовага, беларускага і літоўскага, насельніцтва як да «туземцаў».

Асноўнай мэтай рэпрэсій было задушэнне нацыянальна-вызваленчага руху і пакаранне датычных да яго асоб дзеля недапушчэння паўтарэння падобных уздымаў. Рэпрэсіўны складнік расійскай палітыкі на пэўны час становіцца вызначальным у нашым рэгіёне. Менавіта з яго дапамогай імперскія ўлады імкнуліся ажыццявіць карэнныя пераўтварэнні, накіраваныя на ні веляванне ўсіх адметнасцей краю і канчатковую яго інтэграцыю ў склад так званага «рускага свету».

Нягледзячы на сотні выдадзеных указаў, выкарыстанне шматтысячнага вайсковага і цывільнага апаратаў кіравання, велізарныя грашовыя выдаткі і стварэнне ідэалагічнага падмурка сваёй дзейнасці, расейскім уладам так і не ўдалося да канца папярэдзіць або спыніць нараджэнне і развіццё беларускага нацыянальнага руху. Затое былі скалечаны тысячы лёсаў, падверглася рабунку ці руйнаванню культурная спадчына беларускіх земляў, гвалтоўна зменена сацыяльна-палітычная і рэлігійная сітуацыя ў рэгіёне. Адваротным бокам царскіх рэпрэсій стала фармаванне арэолу пакутніка, які, змагаючыся за свабоду айчыны, ахвяруе сваёй маёмасцю, свабодай і нават жыццём.

Кніга будзе цікавая ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. У Менску кнігу можна набыць у «Акадэмкнізе», а таксама на кніжным кірмашы «Свет кніг» у Арэна-сіці.

***

Аляксандр Радзюк — гісторык, кандыдат гістарычных навук, з 2008 г. супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. У сферу яго навуковых інтарэсаў уваходзіць вывучэнне нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі ў ХІХ ст., рэпрэсіўнай палітыкі царызму ў пазначаны перыяд.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?