Пасольства Літвы ў Беларусі 28 ліпеня аднавіла працу ў звычайным рэжыме. Пра гэта паведаміла прэс-аташэ пасольства Крысьціна Паканітэ.

«Тыя беларускія грамадзяне, якія запісаліся на прыём на 25 ліпеня, будуць абслугоўвацца, згодна са сваімі талёнамі, 1 жніўня. Выдача пашпартоў тым, хто падаў дакумэнты да інцыдэнту, працягваецца ў звычайным рэжыме», — сказала К.Паканітэ.

Прыём дакумэнтаў беларускіх грамадзян у пасольстве быў часова спынены ў сувязі з актам вандалізму, які адбыўся ў ноч з 24 на 25 ліпеня. Невядомыя кінулі на тэрыторыю пасольства бутэлькі з фарбай, размалявалі агароджу дыппрадстаўніцтва сымболікай Нацыянал-бальшавіцкай партыі (НБП) — незарэгістраванай праварадыкальнай арганізацыі. З гэтай прычыны пасол Літвы ў Мінску Эдмінас Багдонас выказаў пратэст прадстаўнікам беларускага МЗС з патрабаваньнем высьветліць сытуацыю, знайсьці вінаватых, а таксама прыняць меры па недапушчэньні ў будучым парушэньня імунітэту пасольства Літвы і выкананьні норм Венскай канвэнцыі 1961 года.

У сувязі з інцыдэнтам беларускімі праваахоўнымі органамі распачата справа на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

На расійскім сайце НБП выкладзены тэкст улёткі, якая была закінутая на тэрыторыю літоўскага пасольства ў Мінску разам з бутэлькамі з фарбай. У ёй выказаны пратэст супраць прынятых у Літве паправак да закона аб сходах, якія забараняюць выкарыстоўваць падчас масавых мерапрыемстваў сымбалі нацысцкай Германіі і Савецкага Саюза. «Забарона закранула савецкую пяціканцовую чырвоную зорку, серп і молат, а таксама гімны Савецкага Саюза і Літоўскай ССР», — зазначаецца ва ўлётцы. Прыхільнікі НБП лічаць, што «прыраўноўванне савецкай атрыбутыкі да нацысцкай зьяўляецца найгрубейшай спробай перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, адмаўленьнем ролі Савецкага Саюза ў вызваленьні сьвету ад нацызму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?