Як беларусы гукалі ў Нью-Ёрку вясну ФОТАРЭПАРТАЖ

Паколькі Гукаць вясну можна з 1 сакавіка да Вялікадня, то спачатку мы прызначылі правядзенне абраду 5 сакавіка, але -10 у Ню Ёрку з парывістым ветрам, — гэта амаль як - 20 у Беларусі. Перанеслі свята на тыдзень пазней. Сіноптыкі абяцалі нулявую тэмпературу, а ўранні зноў аказалася -10. Адступаць не было куды.
Дзякуй Богу, што ёсць у нашым асяроддзі гэткая зухаватая Ганна Шарко, якая за што ні возьмецца — усё зробіць і іншых за сабой павядзе. Прапанавала яна правесці нашае Гуканне ў бруклінскім Праспект-парку на маляўнічым узбярэжжы возера ля альтанкі. Усе пагадзіліся.
Прыехаў з Нью-Джэрсі Сяржук Сокалаў-Воюш з жонкаю Ганнай і сынам Светавітам, за імі адны за аднымі завіталі хлопцы і дзяўчаты, нават двое немаўлят з маладзенькімі маці.
Быў такі холад, але усім хацелася пакрасавацца ў вышыванках, таму хлопцы пачалі напяльваць іх проста паверх куртак з капюшонамі. Таму выглядалі крыху камічна грубаватымі. Адзін толькі Алесь Тур, які і ў гэткае надвор'е плавае ў акіяне па пятнаццаць хвілінаў штодня, красаваўся ў адной ільнянай вышыванцы.
Пачалі гукаць вясну:
Вясна, хадзі ў двору,
Нясі ключ за сабою,
Зіму замыкаці,
Вясну адмыкаці…
Каб сагрэцца, закружыліся ў хуткіх карагодах, змяняючы адну песню на другую. Ганна адарыла ўсіх печывам у выглядзе птушак. Дзеці пасыпалі на пагорку грэчневае крупы, каб хутчэй прыляталі птушкі і прынеслі нам на скрыдлах цяпло.
Тады пайшлі тапіць у возеры ляльку-ведзьму Марэну, як сымболь зімы, холаду ды зла, каб разам з ёй зніклі і нашыя ўсе праблемы і хутчэй запанавала вясна ды цёплыя дзянёчкі. А дзяўчаты не ўцярпелі і накінулі на плечы Алеся Тура цёплае пакрывала. Загукалі мы вясну, і, здаецца, сапраўды крыху пацяплела. Цяпер ужо як ні злуецца зіма, але напэўна хутка прыдуць цёплыя вяснавыя дзянькі.
Каментары