Гаворачы пра сродкі бясьпекі, мэханізм якіх закрыты і не праходзіў незалежных праверак, цяжка быць на 100% упэўненым у іх надзейнасьці, асабліва, калі вядзецца пра атаку з боку дзяржаўных службаў, якія валодаюць вялікімі магчымасьцямі і рэсурсамі. Аднак, паводле сукупнасьці паведамленьняў, можна грунтоўна падазраваць, што некаторыя службы разьвітых краінаў ужо маюць магчымасьць узлому скайп-камунікацыяў.

Наўрад ці, гэтыя ж магчымасьці ўжо даступныя спэцслужбам Лукашэнкі, але, калі яны ёсьць у чыіхсьці руках – рана ці позна дойдуць і да нас. Таму, лепш загадзя падрыхтавацца і пазьбегнуць непрыемнасьцяў у будучыні.

24 ліпеня «Heise Online» – рэсурс, спэцыялізаваны на навінах інфармацыйных тэхналёгіяў – паведаміў, што на сустрэчы прадстаўнікоў аўстрыйскага МУС з правайдэрамі інтэрнэту, з вуснаў паліцэйскіх чыноўнікаў, прагучала інфармацыя пра магчымасьць перахопу інфармацыі, перасыланай з дапамогаю Skype.

У сувязі з гэтым, зноўку абудзіліся старыя падазрэньні, аб тым, што ў Skype існуе backdoor (літаральна «чорны ўваход» – у дачыненьні да праграманага забесьпячэньня, азначае неафішаваную магчымасьць злоўжываньня бяз згоды карыстальніка, закладзеную распрацоўшчыкамі). Існуюць таксама і іншыя вэрсіі, напрыклад, адмыслова распрацаваны «траян». Аднак, той факт, што прэс-служба Skype наўпрост адмовілася абвергнуць чуткі, схіляе думкі да горшага варыянту.

Трэба зазначыць, што пытаньні да бясьпечнасьці Skype былі пастаўленыя даўно: праграма мае закрыты код, закрыты пратакол і ніколі не праходзіла сапраўды незалежнага аўдыту, так што карыстальнікам прапануецца проста прыняць да веры запэўніваньні кампаніі. Апроч таго, Skype быў куплены ў 2005 г. карпарацыяй eBay Inc., якую неаднойчы абвінавачвалі ў недастаткова паважным стаўленьні да прыватнай інфармацыі карыстальнікаў.

У сувязі з гэтым ёсьць рэкамэндацыі, нягледзячы на ўсе зручнасьці, якія дае Skype, пераходзіць на выкарыстаньне камунікацыйных праграмаў заснаванных на пратаколе jabber. Самы лёгкі спосаб завесьці jabber-рахунак – гэта завесьці скрынку на Gmail і скарыстацца чатам, убудаваным у паштовы інтэрфэйс (GoogleTalk ці GTalk – створаная Gоogle-ам, камунікацыйная сыстэма, якая выкарыстоўвае jabber-пратакол). Пры гэтым, абавязкова, уваходзячы у паштовую скрынку, набіраць адрас як https://mail.google.com (заўважце: https, а не http).

У выпадках, калі вам неабходна будзе працягваць выкарыстаньне Skype – абавязкова шыфруйце дасыланыя файлы з канфідэнцыйнай інфармацыяй пры дапамозе PGP ці GPG.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?