Былыя супрацоўнікі кампаніі Google заявілі пра свой намер запусьціць новую сыстэму інтэрнэт‑пошуку. Яна мае быць эканамічнейшай за Google.

Апроч таго, новы пашуковік стане выкарыстоўваць сэмантычны падыход да запытаў, а гэта значыць, што й вынікі пошуку ў ім будуць дакладнейшымі.

Назва новага пашуковіка гучыць як Cuil. Яго сайт пачаў працаваць ад панядзелка.

Пакуль сыстэма ахоплівае англамоўны сэгмэнт інтэрнэту, але да канца году абяцае прапанаваць пошук на асноўных эўрапейскіх мовах.

На сёньня ў першую тройку лідэраў пошуку ў інтэрнэце ўваходзяць Google (46,2% карыстальнікаў), Yahoo! (22,5%) і MSN (12,6%). Нейкі час таму, каб абысьці Google, Мікрасофт нават спрабваў аб’яднацца з Yahoo!, аднак дасягнуць кампрамісу падчас перамоваў ім не ўдалося.

Галоўная асаблівасьць новага пошуку палягае ў тэхналёгіі шуканьня й спосабе апрацоўкі запытаў наведнікаў. Замест пошуку гіпэрспасылак і вывучэньня трафіку Cuil аналізуе зьмест запыту й кантэкст кожнай старонкі. Пасьля гэтага ён аб’ядноўвае вынікі пошуку ў групы ўзаемазьвязаных старонак, якія затым складае па катэгорыях і прапануе разнастайныя прыкметы для таго, каб арганізаваць матэрыял, вылучыць тэмы й дазволіць карыстальніку звузіць пошук.

Разам з тым кампанія прыклала немалыя намаганьні, каб зрабіць максымальна таньнейшымі дарагія тэхналёгіі. Да прыкладу, Google выдаткоўвае мільярд даляраў у год на разьвіцьцё інфраструктуры. Cuil жа праіндэксаваў 120 мільярдаў сайтаў, выдаткаваўшы на гэта ўсяго 5 мільёнаў даляраў. Пры гэтым сыстэма зрабіла працы ўтрая болей ад Google’а.

Распрацоўшчыкамі й кіраўнікамі праекту сталіся былыя работнікі Google Том Кастэла ды ягоная жонка Ганна Патэрсан. Іхнымі партнэрамі ў Cuil сталі былыя калегі па Google’у — Расэл Паўэр і Луі Манье.

«Апошнія пятнаццаць гадоў разьвіцьцё інтэрнэту ішло ў гэамэтрычнай прагрэсіі, але ніводны пашуковік ня мог пасьпець за ягонымі тэмпамі. Да апошняга моманту. Cuil здольны адшукаць так шмат старонак у Сеціве, як ніхто іншы. Ён працуе як тры Google’ы ці дзесяць Майкрасофтаў», паведамляюць стваральнікі сайту.

Яны перакананыя, што іх тварэньне можа стаць самай буйной пашуковай сыстэмай у сьвеце. Неўзабаве вынікі апрацоўкі запытаў будзе суправаджаць рэкляма, на якой Cuil зьбіраецца зарабляць.

Варта адзначыць, што нягледзячы на гучныя заявы й вялікія амбіцыі распрацоўшчыкаў новай сыстэмы, экспэрты паставіліся да ейнага зьяўленьня халаднавата.

«Сатрапы часта агучваюць гучныя пляны па найхутчэйшым заваяваньні максымальнай долі рынку. Нярэдка гэта нічым не заканчваецца, часам праекты, якія даказалі сваю жыцьцяздольнасьць, купляюць ужо існыя гульцы. Інтэрнэт‑карыстальнікі ўвогуле вельмі кансэрватыўныя, рынак пошуку ў ЗША даволі канкурэнтны. Таму Cuil неабходныя вельмі сур’ёзныя ўкладаньні — як фінансавыя, так і часавыя, — каб сапраўды данесьці інфармацыю пра сябе й свой якасны пошук (калі ён не падасца такім наведнікам) да карыстальнікаў, каб заняць хоць якую заўважную долю рынку, — паведаміла карэспандэнту газэты «Взгляд» віцэ‑прэзыдэнтка й дырэктарка па маркетынгу ды пі‑ару Mail.ru Ганна Артамонава.

Паводле ВЗГЛЯД

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру