Дэпутат Алена Анісім накіравала звароты на адрас Ліліі Ананіч і Валянціна Сукалы. Прапануем тэкст гэтых зваротаў вашай увазе.

«Л.С. Ананіч,

Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

Пр-кт Пераможцаў, 11

220004 г. Мінск

Паважаная Лілія Станіславаўна!

12 сакавіка 2017 г. у Беларусі ў розных гарадах былі затрыманыя дзясяткі журналістаў з розных сродкаў масавай інфармацыі. Як былы рэдактар незалежнага выдання газеты «Новы час», я не магу зразумець сутнасці іх правапарушэння. Як вядома, у нашай краіне зараз наладжваецца агульнанацыянальны дыялог па розных пытаннях далейшага развіцця краіны. Кіраўнік краіны ясна выказаўся за тое, каб жыхары ў розных гарадах мелі права выйсці на вызначаныя месцы (гарадскія плошчы) і свабодна сказаць пра свае праблемы. Журналісты дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі і інфармавалі грамадскасць краіны і органы ўлады пра сітуацыю ў розных гарадах. Затрыманне і прыцягненне іх да адказнасці за прафесійную дзейнасць у любым выпадку выходзіць за межы заканадаўства. Асабліва абуральным выглядаюць такія факты ў дачыненні да журналістак-жанчын.

У сувязі з гэтым прашу Вас як Міністра інфармацыі прыняць адпаведныя меры для абароны пацярпелых журналістаў, а таксама зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць такіх праяў у далейшым.

З павагай,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 А.Анісім»

«В.А. Сукала,

Старшыня Вярхоўнага Суда

Рэспублікі Беларусь

Леніна, 28

220030 г. Мінск

Паважаны Валянцін Алегавіч!

13 сакавіка 2017 г. у Беларусі былі прыцягнутыя да адказнасці і асуджаныя журналісты з розных сродкаў масавай інфармацыі. Як былы рэдактар незалежнага выдання газеты «Новы час», я не магу зразумець сутнасці іх правапарушэння. Як вядома, у нашай краіне зараз наладжваецца агульнанацыянальны дыялог па розных пытаннях далейшага развіцця краіны. Кіраўнік краіны ясна выказаўся за тое, каб жыхары ў розных гарадах мелі права выйсці на вызначаныя месцы (гарадскія плошчы) і свабодна сказаць пра свае праблемы. Журналісты дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі і інфармавалі грамадскасць краіны і органы ўлады пра сітуацыю ў розных гарадах. Прыцягненне іх да адказнасці і тым больш судовае пакаранне (у тым ліку значныя грашовыя штрафы) не спрыяе паляпшэнню агульнай сітуацыі ў краіне і шкодзіць міжнароднаму іміджу. Складваецца ўражанне, што за гэтым рашэннем стаяць людзі, якія не жадаюць дзейнічаць на карысць нашай дзяржавы ў адпаведнасці з распараджэннем Кіраўніка краіны, а пераследуюць іншыя інтарэсы.

У сувязі з гэтым прашу Вас як Старшыню Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь даць адказ, на падставе якіх заканадаўчых актаў у нашай краіне былі асуджаны людзі, у дадзеным выпадку журналісты, якія дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі.

З павагай,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 А.Анісім»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0